Лукашэнка замяніў галоўнага вайсковага ідэолага

31.05.2018 / 14:39

president.gov.by

У беларускім войску здарыўся кадравы дзень. Аляксандр Лукашэнка прызначыў чатырох новых кіраўнікоў.

Аляксандр Вальфовіч, які раней займаў пасаду камандуючага войскамі Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання Узброеных Сіл, прызначаны першым намеснікам начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл.

Камандуючым войскамі Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання стаў Андрэй Жук. Да гэтага часу ён займаў пасаду намесніка камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання Узброеных Сіл.

У сваю чаргу намеснікам камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання Узброеных Сіл прызначаны Ігар Дземідзенка, які раней узначальваў інфармацыйна-аналітычнае кіраванне Генштаба.

Леанід Касінскі стаў новым галоўным вайсковым ідэолагам. Ягоная афіцыйная пасада — начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны. Раней ён быў першым намеснікам у гэтым жа ўпраўленні.

Ягоны папярэднік Аляксандр Гура адпраўлены на пенсію. Два дні таму ён адсвяткаваў 60-годдзе.