Новы ўрад Італіі выступае супраць антырасійскіх санкцый

05.06.2018 / 16:10

Новы ўрад Італіі будзе выступаць супраць санкцый, уведзеных заходнімі краінамі ў дачыненні да Расіі. Пра гэта заявіў у аўторак, 5 чэрвеня, новы прэм'ер-міністр краіны Джузэпэ Контэ ў верхняй палаце парламента (сенаце), перадае Il Fatto Quotidiano.

Паводле яго слоў, ЗША традыцыйна застаюцца саюзнікам Рыма, аднак новы кабінет міністраў таксама настроены на адкрытасць у адносінах да Расіі.

У сенаце 5 чэрвеня павінна прайсці галасаванне па вотуму даверу новаму кабінету, які складаецца з прадстаўнікоў партый «Рух пяці зорак» і «Ліга Поўначы». Склад урада быў зацверджаны прэзідэнтам краіны Серджа Матарэлай 1 чэрвеня, тады ж яго члены склалі прысягу і ўступілі на пасаду.

У пачатку сакавіка ў Італіі адбыліся парламенцкія выбары, па выніках якіх большасць галасоў выбаршчыкі аддалі еўраскептыкам і папулістам.