Ноччу два хлапцы адабралі кветкі ў прадаўцоў на вакзале, бо ім не спадабалася цана

12.06.2018 / 21:29

Міліцыя затрымала двух хлопцаў, якія ўначы скралі кветкі ў прадаўцоў на чыгуначным вакзале. Па словах зламыснікаў, ім не спадабалася высокая цана на півоні і ружы, паведамляе ГУУС Мінгарвыканкама.

Кампанія з чацвярых чалавек, сярод якіх была адна дзяўчына, адпачывала ў раёне вуліцы Магілёўскай, пасля чаго рушыла ў бок вакзала. Маладыя людзі спусціліся ў пераход і купілі для дзяўчыны півоню. Далей кампанія накіравалася ў бок выхаду з перахода, але два хлапцы вырашылі забраць у жанчын-прадаўцоў кветкі.

Адзін з хлопцаў схапіў вядро з півонямі, а другі скраў чатыры ружы. Яны пайшлі ў бок вуліцы Свярдлова, дзе адзін з падазраваных быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі, а другі ўцёк. Праз гадзіну яго знайшлі дома. Хлопцаў затрымалі і даставілі ў РУУС. Імі аказаліся двое мінчан 1997 нараджэння, адзін з якіх быў раней судзімы.