Прысуджаны да смерці чорны рыэлтар з Магілёва абвясціў галадоўку

28.06.2018 / 11:48

Смяротнік Ігар Гершанкоў праз сваю маці перадаў папярэджанне пра галадоўку, якую ён збіраецца пачаць 27 чэрвеня ў мінскім следчым ізалятары. Паводле слоў Людмілы Гершанковай, гэта пратэст супраць дзеянняў адміністрацыі СІЗА, якая не прапускае карэспандэнцыю ні да мужчыны, ні ад яго, паведамляе ПА «Вясна».

— Вельмі доўга ад яго не было ніякіх лістоў. Пра ўсё я даведалася толькі нядаўна падчас спаткання ў СІЗА. Выглядае Ігар жудасна — увесь пасівеў, рукі ў яго трасуцца. Ён сказаў, што лісты, якія я пішу яму, ён не атрымлівае. З-за гэтага ён адважыўся на галадоўку з 27 чэрвеня, — распавяла маці смяротніка.

Яна ўжо паспела звярнуцца са скаргай у Дэпартамент выканання пакаранняў, аднак там ёй паведамілі, што з Ігарам Гершанковым абыходзяцца па ўсіх правілах. Адказу ад адміністрацыі СІЗА №1 пакуль не было.

Па словах Людмілы, рашэнне аб расстрэле яе сына пакуль прыпыніў Вярхоўны суд. Але як доўга гэта працягнецца, яна не ведае:

— У мяне ўжо адно жаданне, калі ўлады заб’юць Ігара, то хай забіваюць і мяне, — сказала жанчына.

Магілёўцаў Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога асудзілі на смяротнае пакаранне па справе так званых «чорных рыэлтараў» у ліпені 2017 года. Яшчэ двое фігурантаў — Таццяна Гершанкова і Барыс Калеснікаў — атрымалі 24 і 22 гады зняволення адпаведна.

Па версіі следства, з 2009 па 2015 год «чорныя рыэлтары» забівалі ўладальнікаў кватэр, каб завалодаць іх нерухомасцю. Было даказана дачыненне ўсёй групоўкі да забойства шасці чалавек. Яшчэ тры чалавекі пазбеглі смерці, паколькі фігурантаў справы змясцілі пад варту. Злачыннай групе залічылі здзяйсненне і падрыхтоўку да здзяйснення забойстваў, выкраданне і падрыхтоўку да выкрадання чалавека, махлярства, разбой, вымагальніцтва, крадзеж або знішчэнне дакументаў і незаконны абарот наркотыкаў або псіхатропаў.