У Мінск прыляцелі прэзідэнты Нямеччыны і Аўстрыі

29.06.2018 / 11:38

Федэральны прэзідэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер прыбыў з візітам у Беларусь, яго самалёт зрабіў пасадку ў Нацыянальным аэрапорце Мінск, паведамляе БелТА.

У аэрапорце германскага прэзідэнта і яго жонку сустрэў міністр замежных спраў Уладзімір Макей.

Чакаецца, што Франк-Вальтэр Штайнмаер сёння возьме ўдзел у мітынгу-рэквіеме, прысвечаным памяці ахвяр нацызму, на тэрыторыі былога лагера смерці «Трасцянец».

Раней у Мінск прыляцеў прэзідэнт Аўстрыі. Аляксандр Ван дэр Бэлен з жонкай пасадзілі дрэва недалёка ад манумента «Брама памяці» на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу «Трасцянец» і ўшанавалі памяць загінулых.

«Усе ведаюць «Асвенцім», гэта назва грыміць на ўвесь свет. На жаль, да нядаўняга часу аб Малым Трасцянцы мала хто ведаў і ўспамінаў, але, тым не менш, зараз мы выправім гэта», — сказаў Аляксандр Ван дэр Бэлен.