Літоўскія памежнікі затрымалі на Нёмане турыстычныя катары з беларускімі кантрабанднымі цыгарэтамі

04.07.2018 / 21:06

Карыстаючыся летнім сезонам цыгарэты з Беларусі вязуць у Літву па рацэ Нёман на турыстычных катарах, піша euroby.info.

23 чэрвеня ў водным пункце пропуску Прывалка-Швендубрэ пры праверцы адной з лодак, што прыплылі з Беларусі, літоўскія памежнікі звярнулі ўвагу на заклёпкі ў пярэдняй частцы лодкі. Яны адрозніваліся ад астатніх, былі занадта новымі і выклікалі абгрунтаваную цікаўнасць правяраючых.

У паражнінах судна апынуліся схаванымі 15 408 пачкаў (31 скрынка) цыгарэт з беларускімі акцызнымі знакамі. Большая частка кантрабанды была схаваная пад падлогай судна.

Мужчыну і жанчыне, што прыплылі з цыгарэтамі, цяпер пагражае крымінальнае пакаранне з-за буйнога аб’ёму кантрабанды.

Праз тыдзень па рацэ Нёман у Літву на катары прыплылі наступныя «турысты». У 7 беларусаў у лодцы былі прыхаваныя 3000 пачкаў цыгарэт «Minsk Superslims» і «NZ Gold».

Абодва катары арыштаваныя, іх лёс вырашыць суд.