Памёр Ляўко Лук'яненка. У СССР яго прысудзілі да расстрэлу і пратрымалі ў турме за антысавецкую дзейнасць 26 гадоў, але ён пражыў 89 гадоў
07.07.2018 / 22:37
Ва Украіне на 90-м годзе жыцця памёр украінскі пісьменнік, былы савецкі дысідэнт, аўтар «Акта абвяшчэння незалежнасці Украіны» ад 24 жніўня 1991 года, дэпутат Вярхоўнай Рады чатырох скліканняў Ляўко Лук'яненка. Пра гэта на сваёй старонцы ў фэйсбуку паведаміў прэм'ер Украіны Уладзімір Гройсман.
Ляўко Лук'яненка нарадзіўся 24 жніўня 1928 года ў вёсцы Хрыпаўка Гараднянскага раёна Чарнігаўскай вобласці. У 1953 годзе ўступіў у КПСС і паступіў на юрыдычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта імя Ламаносава. Пазней стварыў апазіцыйны ў адносінах да савецкай улады «Украінскі рабоча-сялянскі саюз». Выступаў за аддзяленне Украіны ад СССР, у выніку чаго быў выключаны з кампартыі.
За антысавецкую дзейнасць у маі 1961 года Львоўскі абласны суд прысудзіў яго да расстрэлу. Крыху пазней Вярхоўны суд замяніў расстрэл 15 гадамі пазбаўлення волі. Пасля выхаду на волю ў 1976 годзе Лук'яненка стаў адным з заснавальнікаў Украінскай Хельсінкскай групы. У наступным годзе яго зноў арыштавалі і прысудзілі яшчэ да дзесяці гадоў турэмнага зняволення і пяці гадоў высылкі. Усяго Лук'яненка правёў у зняволенні 26 гадоў.
Удакладненне. У пачатковай версіі артыкула было памылкова пазначана, што Ляўко Лук'яненка пражыў 88 гадоў. Насамрэч, ён пражыў 89 гадоў.