Усе там будзем, сказаў ксёндз
Сяргей Астравец піша на сваім блогу пра імшу на Дзяды.
03.11.2008 / 14:55
Ведаеце, на імшу гэтую зьбіраюцца больш чым за паўгадзіны, бо зачытваюць доўгія сьпісы памерлых, за каго будуць маліцца. Год чакаюць падзеі іхнія родныя, аднак вельмі проста, аказваецца, усё «сьпепшыць». Праз аднаго непадрыхтаванага служку божага.
А што тут рыхтавацца, сябры мае? Калі вы чытаеце лекцыі, выступаеце на мітынгу, працуеце ў школе, на сцэне альбо зьвязаныя з радыё, з тэлебачаньнем, вам вядома, што вас будуць слухаць. Работа ў вас такая. І вы, зразумелая рэч, уперад возьмеце тэкст, сьпісы і прачытаеце іх, уголас ці хаця б моўчкі…
Але вось малады ксёндз, які засяроджаны відавочна на тым, каб вымаўляць правільна па‑польску, а не на трасянцы, як часам бывае, гэты ксёндз, якога прыйшлі паслухаць сотні людзей, ня можа прачытаць прозьвішчы памерлых. Ён ра‑пораз спыняецца, паўза зацягваецца, гарадзенцы адчуваюць няёмкасьць за яго, ім робіцца крыўдна і прыкра. Бо памаўчаўшы, ксёндз, ня здолеўшы зразумець прозьвішча, не чытае яго наогул, а толькі, каб выйсьці з сытуацыі, імёны нябожчыкаў. І так пэрыядычна, часам, праўда, ён робіць намаганьне і ўсё ж чытае, але няправільна. Мне скажуць: але ж большасьць прозьвішчаў ён усё ж здолеў прачытаць, ці няпраўда? Праўда. Аднак імёнаў былі сотні і не пачутых альбо скажоных прозьвішчаў таксама не адзінкі.
Выходзіць, галоўнае запісаць прозьвішчы на польскі лад і зачытаць па магчымасьці гэтак жа. А ня здолеў з астатнімі разабрацца, заблытаўся — Бог зь імі… Ня ведаю, як інакш пракамэнтаваць. Ці гэта вясковы касьцёлік, дзе няма кампутара, каб набраць, пісьмовай машынкі нарэшце і стары ксёндз напаўсьляпы? Друкаванымі літарамі таксама можна напісаць у скрайнім выпадку, між іншым, як у польскім консульстве анкету на візу. А калі гэткі фармальны падыход у касьцёле, то варта нагадаць: людзі заплацілі грошы, а паслугу атрымалі няякасную…
І якой палёгкай сталася сама імша, калі прыйшоў іншы ксёндз і на добрай беларускай мове, нічога ня блытаючы, не спатыкаючыся на кожным кроку, добра зрабіў сваю справу, выраўнаў становішча, палепшыў прысутным настрой.Не зважаючы на пэсымістычны пасыл: людзі прыдумваюць эліксіры, каб працягнуць жыцьцё, аднак, як бы нам не хацелася адцягнуць гэты момант, не прызнаваць сам факт, але ўсе мы там будзем, рана ці позна, усе, хто цяпер прысутнічае ў касьцёле. Карацей, «супакоіў». Праўда, веруючым будзе лепей, чым нявернікам, зразумелая рэч. І сустрэнемся тады з тымі, за каго сёньня молімся, «пры абставінах, якія дасьць нам Бог»… Міжволі ўзгадаўся жарт Макіявэлі з нагоды: каб трапіць у рай, галоўнае вывучыць дарогу ў пекла, каб умець яе пазьбегчы.
З высокіх касьцельных сходаў купкі людзей спускаліся да вулічнай грамады, хутчэй вымалі кішэнныя тэлефончыкі, перапыняючы сувязь зь нябеснай канцылярыяй, падлучаліся зноўку да звыклага штодзённага сьвету.