Пяць фактаў пра затрыманую галоўную рэдактарку TUT.by Марыну Золатаву
07.08.2018 / 16:28
Сярод затрыманых у аўторак сілавікамі — галоўная рэдактарка партала TUT.by Марына Золатава.
«НН» сабрала некалькі рысак да партрэту журналісткі.
Вучылася на балгарскай філалогіі
Марыне Золатавай 40 гадоў, яна родам з Мінска. Вучылася ў БДУ на балгарскай філалогіі. Любоў да гэтай мовы і краіны Марына перанесла і ў постстудэнцкі час.
«Я вельмі люблю Балгарыю. Люблю нават за тое, за што многія яе не любяць. Для мяне здаецца цалкам натуральным матляць галавой у знак згоды і ківаць, калі хочаш сказаць «не». Я люблю ракію, сірэне і люценіцу. А мовай міжнародных зносін лічу балгарскую. Яшчэ я люблю спяваць трагічныя македонскія песні. Шкада, што ніхто не любіць слухаць», — прызнавалася яна аднойчы.
Золатава друкавала свае ўражанні пра Балгарыю ў тым ліку і ў «Нашай Ніве».
«Падсвядома балгары гатовыя да любых зменаў — лёс прывучыў. Гэта датычыць як грамадскага, так і асабістага жыцця. Балгары не выносяць нуды і аднастайнаьці. Часта яны захапляюцца нечым, укладаюць у гэтую справу багата часу і грошай, а пасля кідаюць, каб аддацца новаму захапленню», — пісала яна.
Чатырнаццаць гадоў узначальвае TUT.by
Золатава скончыла аспірантуру Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук. Працавала ў дзяржаўным Інстытуце праблем навукі, а таксама ў інфармацыйным агенцтве БелаПАН. У 2004 годзе Золатава ўзначаліла партал TUT.by. На той момант сайт быў звычайным агрэгатарам навінаў. Выстаўлялі самае цікавае, што прадукавалася на іншых пляцоўках. Фактычна, Золатава была першай, хто на TUT.by прафесійна заняўся менавіта навінамі. Чатырнаццаць гадоў таму сайт меў усяго 6000 унікальных карыстальнікаў за суткі.
За гэты час TUT.by стаў самым буйным беларускім СМІ. Наведвальнасць паднялася больш чым у 100 разоў. У калектыве працуе больш за 50 журналістаў. Адкрыліся усемагчымыя дадаткі, як «Афіша» і «Спорт» і «Лэдзі.тут.бай». На сёння TUT.by з'яўляецца самым уплывовым беларускім рэсурсам, з меркаваннем якога вымушаныя лічыцца і рэагаваць як чыноўнікі, гэтак і сілавікі.
Абараняла «Нашу Ніву»
Марына Золатава хадзіла на прэс-канферэнцыю да Аляксандра Лукашэнкі ў чэрвені 2011 года. У той час востра стаяла пытанне аб закрыцці незалежных газет «Наша Ніва» і «Народная Воля». Золатава ўстала на абарону медыя.
«У 21-ы раз просіце дараваць, колькі можна? Парушыў закон — адказвай. Можа, ім выставяць матэрыяльны пазоў, няхай плацяць. Я вельмі шкадую, што «Ніва» стала зусім не той нівай. Гэта адмарожаная прэса. Нельга рабіць рэйтынг на горы. Калі ад майго меркавання нешта будзе залежыць, то я ўлічу і ваша меркаванне. Але вы не ўзялі пад сваю гарантыю. Не хочаце, бо не будуць рабіць. Хай у судзе разбяруцца», — сказаў тады кіраўнік дзяржавы. У выніку суд прыняў рашэнне не закрываць незалежныя выданні.
Пасля гэтага Золатава яшчэ неаднаразова хадзіла на прэс-канферэнцыі да Аляксандра Лукашэнкі. Яна была сярод траіх журналістаў недзяржаўных СМІ, з якімі Лукашэнка сустрэўся напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2015 года. Менавіта да Марыны ён звяртаўся, калі нарадзіў чарговы мем: «Навошта з мужам дома піць піва?» Гэтае відэа на ютубе паглядзелі 271 тысячу разоў.
Маці дваіх дзяцей
У Марыны ёсць дачка Надзея, якая перайшла ў дзявяты клас гімназіі і сын Фёдар, які ад верасня будзе вучыцца ў шостым класе. Дачка займаецца мастацкай гімнастыкай.
«Дачка правяла даволі шмат часу ў мяне на каленях, назіраючы за тым, як я «стаўлю навіны». А Фёдар «ставіць навіны» мне не даваў, а аддае перавагу гэта рабіць сам», — пісала Золатава.
Сярод сваіх любімых кніг яна называе «Сотнікава» Васіля Быкава, «У вайны не жаночае аблічча» Святланы Алексіевіч, «Восень патрыярха» Маркеса, «Хазарскі слоўнік» Павіча.
Захапляецца бегам і плаваннем
Апошнія гады Марына актыўна захапляецца бегам. Неаднойчы прабягала паўмарафон. У фэйсбуку яна прызнавалася, што не зрабіла б гэтага без падтрымкі мужа. Таксама Золатава мае першы разрад па плаванню. Амаль дзесяць гадоў аддала гэтаму віду спорту. З цеплынёй згадвае свайго настаўніка — заслужанага трэнера Беларусі Мікалая Мітрычэнку, які не толькі вучыў хутка плаваць, але і вадзіў сваіх выхаванцаў у музеі.