Больш за 260 чалавек пацярпелі пры абрушэнні памоста на фестывалі ў Іспаніі
13.08.2018 / 10:26
На паўночным захадзе Іспаніі ў горадзе Віга падчас музычнага фестываля абрынулася драўляная платформа, на якой стаялі ўдзельнікі падзеі. Паводле дадзеных El Mundo, якое спасылаецца на міністэрства аховы здароўя рэгіёна Галісія, у выніку пацярпелі не менш 266 чалавек.
Як піша La Voz de Galizia, пад цяжарам сотняў гледачоў абрынуўся фрагмент платформы даўжынёй каля 30 м і шырынёй у 10 м. Платформа была размешчана над берагам, у выніку чаго некаторыя людзі ўпалі ў мора. Ратавальнікі правялі пошукі ў прыбярэжнай зоне з дапамогай цеплавізійных камер, каб у цемры знайсці ўсіх, хто трапіў у ваду.
Па дадзеных выдання, якое спасылаецца на відавочцаў, больш за 50 чалавек былі шпіталізаваны. Астатнія атрымалі ўдары і лёгкія траўмы, ім была аказана дапамога на месцы. У аказанні дапамогі было задзейнічана каля 25 машын хуткай дапамогі. Пацярпелых магло быць больш, аднак абвальванне адбылося да таго, як на сцэну выйшаў хэдлайнер — рэпер Rels B.
Драўляная платформа, на якой размяшчаліся гледачы фестывалю, перад пачаткам падзеі падвяргалася крытыцы з-за сваёй нетрываласці. Аднак арганізатары фестывалю праігнаравалі заўвагі.