Журналісты «Советской Белоруссіі» Дзмітрый Крат і Раман Рудзь, якія радаваліся затрыманню калег, — хто яны такія і адкуль узяліся

15.08.2018 / 18:12

«За сітуацыяй вакол тутбая я назіраю не без некаторай злараднасці … Можа, яны [рэдактарка TUT.by Марына Золатава і аглядальніца БелаПАН Таццяна Каравянкова — Рэд.] цалкам сабе сімпатычныя дамы і вельмі прыемныя і зручныя ў побыце» — гэтыя хамскія словы напісаў журналіст «Советской Белоруссіі» Дзмітрый Крат у сваім фэйсбуку.

Абмеркаванне гэтага і наступнага яго допісаў сабрала пад 500 каментароў. Інтэрнэт-супольнасць абурылася выказваннямі Крата, затое яго рашуча падтрымаў іншы супрацоўнік «Советской Белоруссіі» — Раман Рудзь.

Рэфлексаваць на гэтую тэму пара праўладных журналістаў не спыніла дагэтуль: «Добра, калі ёсць сябра, моцнае плячо, на якое можна абаперціся», — раздае падзякі калегу Крат за тое, што той ухваляе яго хамства і адгаворвае выбачацца.

Хто такія гэтыя Рудзь і Крат? «Наша Ніва» распытала знаёмых гэтых журналістаў «Советской Белоруссіі».

Раман Рудзь (злева) і Дзмітрый Крат на адпачынку, фота з фэйсбука

47-гадовы Раман Рудзь — рэдактар аддзела расследаванняў. Пад «расследаваннямі» трэба разумець не пошук раней невядомых значных фактаў, а мастацкае перапісванне інфармацыі, атрыманай ад сілавікоў.

Вядома, што Рудзь нарадзіўся ў Расіі. «Дзяцінства правёў у Манголіі, бацькі з Украіны, жыве ў Беларусі», — паведамляе пра яго сайт sb.by

Раман Рудзь, фота з фэйсбука

У журналістыку Рудзь прыйшоў з грузчыкаў, у 1990-ыя працаваў у моцнай дэмакратычнай газеце «Знамя юності». Адметна, што туды яго ўзялі без вышэйшай адукацыі, якую Рудзь так і не атрымаў. 

Як ён трапіў у «ЗЮ» узору 90-х?

«Тады яго ўзялі як маладога перспектыўнага аўтара. Вядома, што рэдакцыя была тады прагрэсіўная, дэмакратычная. Можна сказаць, што і ён такім быў. Рудзь пісаў пра крымінал. Ягоны прыклад — гэта сведчанне таго, як дзяржаўная журналістыка дэфармуе асобу», — разважае адзін з сяброў рэдкалегіі тагачаснай «ЗЮ».

«Рудзь прыйшоў у дэмакратычнае выданне, быў маладым рэпарцёрам, пісаў пра крымінал, здарэнні. Асабліва не выказваўся. Калі здарыўся путч, то яго адправілі пісаць пра гэта, ёсць нават яго фота на фоне барыкад.

фота Ok.ru

Як я цяпер успрымаю, то ў некаторых рэпліках можна было ўгледзець нейкую антыбеларушчыну. Напрыклад, ён з асуджэннем хмыкаў пра тое, што вось, маўляў, «цяпер і фільмы на беларускую мову перакладаць пачнуць». Гэта было ў 1990-х. А потым нашыя сцежкі разышліся. Калі ён перайшоў у «СБ», то асаблівага здзіўлення не было. Камусьці з нашых ён казаў, што піша пра крымінал, а ўсю палітыку Якубовіч бярэ на сябе. Праўда, годзе ў 2006-м ён усё ж напісаў нешта брыдкае пра апазіцыю. Было відавочна, што ніхто яго не прымушаў, сам палез. Ягонае падзенне я звязваю з тым, што ён не адчувае сябе ацэненым як мае быць. Імаверна, ён хоча быць большым, чым ёсць, больш пісаць, быць публіцыстам, а яму не даюць. Таму ён рэалізоўваецца ў фэйсбуку, пішучы розныя брыдкасці», — расказвае адзін з былых калег Рудзя.

фота з Ok.ru

Менавіта Рудзь у 2017-м атрымаў задачу напісаць ананімны выкрывальніцкі тэкст пра «Белы легіён». Праўда, рэдактары ягоны тэкст перапісалі ўшчэнт, інакш бы «рэдакцыя не вылезла з судоў».

Рудзь радзей выказваецца на палітычныя тэмы. Затое ў сваіх калонках хваліць Сталіна і наракае, што цяпер жыве ў незалежнай Беларусі, а не ў Савецкім Саюзе:

«Я б з задавальненнем вярнуўся да ранейшага дэфіцыту, калі б мне гарантавалі вяртанне прыемнага пачуцця, што я з'яўляюся грамадзянінам вялікай краіны».

У публіцыста ёсць праблемы са здароўем.

«Ён баіцца аскладненняў хваробы, баіцца застацца без грошай, баіцца ўсяго», — кажуць яго калегі.

Жонка Рудзя таксама працуе ў «Советской Белоруссіі». 43-гадовая Юлія Васілішына падпісаная на сайце выдання як спецыяльная карэспандэнтка. Сям'я гадуе дачку.

Раман Рудзь, фота Ok.ru

Іншага публіцыста — 46-гадовага Дзмітрыя Крата — з ягоным сябрам Рудзем аб'ядноўвае тое, што і ён таксама гадаваўся за межамі Беларусі. Нарадзіўся ва ўкраінскай Горлаўцы, вучыўся там і ў расійскім Благавешчанску, а таксама ў сувораўскай вучэльні на краі Азіі — ва Усурыйску.

Па ўсім Савецкім Саюзе Дзмітрый катаўся ўслед за бацькам Аляксандрам, той быў танкістам. Прычым род Кратаў паходзіць менавіта з Горлаўкі — гэта горад каля Данецка.

Аляксандр і Дзмітрый Крат. Фота Ok.ru.

З Беларуссю перасячэнне сям'і было эпізадычным — бацька вучыўся ў Баранавічах у медыцынскай вучэльні. Тым не менш Дзмітрый вырашыў паступаць менавіта ў Мінск.

Яго адукацыя — Мінская вышэйшая ваенна-палітычная агульвайсковая вучэльня.

Крат пачынаў вучыцца яшчэ за часамі СССР, а выпускаўся ў незалежнай Беларусі.

Павел Якубовіч узяў яго ў «Советскую Белоруссію» яшчэ ў 2000 годзе. Спачатку Крат пісаў пра эканоміку, пасля пераключыўся на палітыку. І з цягам часу стаў галоўным суправаджаючым Лукашэнкі. У яго шмат узнагародаў за журналісцкую дзейнасць — ад урада, ад праўладнага Беларускага саюза журналістаў.

Дзмітрый Крат. Фота УКантакце

Адданасць справе Крат пастаянна дэманструе ў сваіх артыкулах.

«Да моманту, калі Саннікаў, застаючыся на імправізаванай трыбуне, заклікаў натоўп штурмаваць Дом урада, мы з фотакорам былі на яго ганку. Долі секунды на ацэнку сітуацыі. Спрацаваў, хутчэй, інстынкт. На цябе нясецца раз'юшаны чалавечы статак», — пісаў Крат пра Плошчу-2010.

«А хто яшчэ вякне аб падтасоўцы і фальсіфікацыі, так Чарнамырдзін вельмі даходліва калісьці сказаў: ідзіце на х**», — адзначаў публіцыст у сваім фэйсбуку пасля чарговых выбараў у Беларусі.

Крат ганарыцца, што мае два аднолькавыя гадзіннікі ад Лукашэнкі: іх ён з разбежкай у некалькі гадоў атрымаў «за плённую працу». 

Людзі, якім даводзілася перасякацца з Кратам, кажуць, што «раней ён такім не быў». 

«Усё сваё журналісцкае жыццё ён працаваў у СБ, — кажа экс-калега. — Але справа ў тым, што сама СБ не ўвесь час была такой, як у апошнія гады. Некалі яна не была такой жорсткай і крытычнай: палітыка была палітыкай, а астатняе… Працавалі людзі, якія мелі погляды на існуючую сітуацыю і шыльдачка Адміністрацыі прэзідэнта на ўваходзе ні да чаго не абавязвала. Што там цяпер адбываецца… наколькі я разумею, іх змушаюць выказваць погляды, калі яны хочуць там працаваць. Што сказалі па БТ — тое рэтранслюйце і вы, раней такога абсалютнага супадзення думак не было. І калі я цяпер чытаю яго, то жахаюся. Калі мы па маладосці працавалі разам, то ён быў нармальным хлопцам, а цяпер як іншы чалавек. Я думаю, што гэтая трансфармацыя людзей адбывалася сінхронна з трансфармацыяй медыя. Я то яшчэ сумняюся і спадзяюся, што гэта ўсё ён робіць пад прымусам». 

Яшчэ адзін былы калега сказаў, што пра Крата яму «няма чаго сказаць добрага, а кепскае і не хочацца». 

Арцём Гарбацэвіч