Круты — самы малады міністр. Хто ўзначаліў Мінэканомікі?
21.08.2018 / 11:28
Новым міністрам эканомікі стаў Дзмітрый Круты. Яму ўсяго 37 гадоў. Ягоны папярэднік істотна старэйшы — Уладзіміру Зіноўскаму было 63 гады.
Фота belross.tv.
Да Крутога наймаладзейшым быў міністр ЖКГ Аляксандр Церахаў, якому 40 гадоў. Хто ж такі гэты Дзмітрый Круты?
У афіцыйнай біяграфіі пазначана, што Дзмітрый Круты нарадзіўся ў Бялынічах у 1981 годзе. Але не трэба лічыць гэты горад родным для чыноўніка. Усё дзяцінства хлопца прайшло ў Клічаве. Там ён хадзіў у школу №1.
Дзмітрый Круты — самы высокі. Фота ok.ru.
Справа ў тым, што ў Клічаве працаваў бацька будучага міністра Мікалай Круты. Ад 1989 да 1997 года ён узначальваў Клічаўскі лясгас. Потым Крутога перавялі ў Мінск, дзе ён узначаліў Мінскае вытворчае лесагаспадарчае аб’яднанне. А ў 1999 стаў кіраўніком «Беллеспаперпрама». Бацька Крутога адказваў за ўсю дрэваапрацоўчую галіну краіны.
Мікалай Круты.
Калі Мікалая Крутога звольнілі, то эканаміст Яраслаў Раманчук напісаў у сваёй калонцы: «Звальненне Крутога — гэта бессэнсоўная спроба навесці парадак у рамках сістэмы, якая не працуе».
Дзмітрый Круты працягнуў лінію бацькі. Ён паступіў і адвучыўся на інжынерна-эканамічным факультэце Тэхналагічнага універсітэта, там жа скончыў аспірантуру.
У 23 гады Дзмітрый Круты трапіў у Міністэрства лясной гаспадаркі. Ён там працаваў галоўным эканамістам сектара аплаты працы і цэнаўтварэння. У 2006 годзе Круты перайшоў на працу у Міністэрства эканомікі, але працягнуў адказваць за лес.
Ягоная новая пасада гучала як намеснік начальніка ўпраўлення ляснога комплекса галоўнага ўпраўлення аграпрамысловага і ляснога комплексаў Міністэрства эканомікі. У гэтым упраўленні Круты адпрацаваў аж да 2014 года, калі быў прызначаны намеснікам міністра эканомікі.
Такім чынам фактычна ўся кар’ера Дзмітрыя Крутога была непарыўна звязаная з лясной гаспадаркай. Нават жонка цяперашняга міністра працавала ў «Белдзяржлесе». У Дзмітрыя і Марыі Крутых двое дзяцей.
Марыя і Дзмітрый Крутыя. Фота ok.ru.
Дзмітрый Круты — гэта другі беларускі міністр, які зарэгістраваны ў фэйсбуку. Хай да актыўнасці міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзіміра Калтовіча яму яшчэ далёка. У асноўным Круты падпісаны на суполкі па самастойным вывучэнні англійскай мовы, некалькі гумарыстычных паблікаў, а таксама на блог Уладзіміра Карагіна.
Першая заява Крутога на новай пасадзе была аб неабходнасці паменшыць залежнасць беларускай эканомікі ад вонкавых шокаў. «Ваганні расійскага рубля ў апошні час сур'ёзна ўплываюць на макраэканамічныя паказчыкі, мы гэтую залежнасць, натуральна, павінны зменшыць», — адзначыў міністр. Сказаў ён і аб патэнцыйным уступленні Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю.