Алімпійскі чэмпіён Ціханаў: Вяртацца з Беларусі ў Расію не хачу. Расію трэба выгнаць з сусветнага біятлона

30.08.2018 / 17:22

Чатырохразовы алімпійскі чэмпіён па біятлоне Аляксандр Ціханаў заявіў, што больш не жадае жыць у Расіі.

Аляксандр Ціханаў. Фота: «Советский спорт».

«Я не хачу ў Расіі больш быць, таму жыву ў Беларусі, нармальна ўсё, добра. Чым далей ад расійскіх плётак, тым лепш», — сказаў Ціханаў карэспандэнту Sport24.

Пазней у інтэрв'ю газеце «Советский спорт» Ціханаў заявіў, што Расію даўно пара адхіліць ад міжнародных спаборніцтваў.

«Я лічу, што нас даўно трэба было выгнаць з сусветнага біятлона», — сказаў Ціханаў. Ён дадаў, што неаднаразова спрабаваў паўплываць на сітуацыю, але цяперашняе кіраўніцтва Саюза біятланістаў Расіі яго не пачула.

Ціханаў таксама не прызнаў тэорыю, што гісторыя мае палітычны кантэкст: «Калі гавораць пра палітычны заказ — гэта ўсё глупства. Шмат гадоў таму, калі выступаў перад алімпійскім сходам, я казаў: «Надыдзе дзень, калі мы зняславімся на ўвесь свет». Ён надышоў», — сказаў спецыяліст.