Міністр абароны ЗША: Расія захоча ўмяшацца ў рэферэндум аб назве Македоніі
12.09.2018 / 09:08
Міністар абароны ЗША Джым Мэтыс паведаміў 11 верасьня, што ён наведае Македонію напярэдадні рэфэрэндуму аб зьмене назвы краіны, які адбудзецца 30 верасьня. Мэтыс выказаў асьцярогу наконт магчымага ўмяшаньня Масквы ў ход галасаваньня ў Македоніі, паведамляе Радыё Свабода.
У чэрвені ўрад Македоніі дамовіўся з уладамі Грэцыі аб зьмене назвы рэспублікі на Паўночную Македонію. У гэтым выпадку Грэцыя ня будзе выступаць супраць уваходжаньня суседняй краіны ў склад NATO і Эўрапейскага зьвязу.
«Я занепакоены гэтым. Тыя дзеяньні, якія Расея ўжо практыкавала ў шмат якіх краінах, ад Эстоніі да Злучаных Штатаў, ад Украіны і цяпер да Македоніі — у кожнай асобнай сытуацыі яна адаптавала сваю тактыку і заўсёды рабіла гэта па-за ўсялякімі маральнымі прынцыпамі», — сказаў Мэтыс журналістам.
Візыт міністра абароны ЗША ў балканскую рэспубліку заплянаваны на канец гэтага тыдня. Мэтыс падкрэсьліў, што ЗША падтрымліваюць жыхароў Македоніі. NATO запрасіла Скоп'е пачаць перамовы аб уваходжаньні ў альянс, аднак перш, чым гэта здарыцца, у канстытуцыю краіны павінны быць унесеныя зьмяненьні аб зьмене назвы.
У Эўразьвязе таксама запэўнілі, што перамовы аб уключэньні краіны ў склад Эўрапейскай супольнасьці пачнуцца ў залежнасьці ад выніку рэфэрэндуму аб перайменаваньні рэспублікі.