Вільня — крывіцкая Мекка? У Літаратурным музеі Янкі Купалы ідзе выстава, якая даказвае гэта

Да канца верасня ў Літаратурным музеі Янкі Купалы ідзе выстава, якая сваім зместам даказвае, што Вільня 1920-х — важны беларускі горад. Сваімі ўражаннямі ад выставы дзеліцца ў фэйсбуку гісторык і сацыёлаг Аляксей Ластоўскі. 

16.09.2018 / 07:55

«Крывіцкая Мекка», музей імя Янкі Купалы. Вельмі важная і па ідэі, і па змесце выстава — пра беларускую Вільню.

Агульнавядома, што гэты горад калісьці быў цэнтрам беларускага руху, але выстава напаўняе гэты факт жывымі людзьмі, іх адносінамі, вершамі і выданнямі. Зразумела, што ў цэнтры — Янка Купала, шмат яго аўтографаў віленскага часу, практычна ўсе яны не экспануюцца і здабытыя з запаснікаў музея (некаторыя вельмі каштоўныя, як рукапіс «Паўлінкі»). Плюс здымкі, лісты, запіскі.

Фота Аляксея Ластоўскага, facebook.com

Але і шмат іншых постацяў паўстаюць. Здымкі з прыватнай калекцыі Ірыны Ніжанкоўскай, падчаркі Браніслава Тарашкевіча (таксама выступала на адкрыцці). Прывезлі выданні з віленскага Беларускага музея (некаторыя з іх сапраўдныя рарытэты).

Я вось падумаў, што беларуская Вільня — гэта шмат у чым і наша Атлантыда, бязвольна страчаная і напаўзабытая. Што мы ведаем пра беларускае таварыства «Сокал», якое дзейнічала ў Вільні (а ў той жа Чэхіі гэта было апірышча нацыянальнага руху)? Толькі з выставы я даведаўся, што быў трэці брат Луцкевічаў, Сцяпан (хоць потым знайшоў, што пра яго ўсё ж пісаў Анатоль Сідарэвіч).

Фота Аляксея Ластоўскага, facebook.com

Выстава нараджае і іншыя цікавыя думкі: з улікам нашай актуальнай моды на вышыванкі, дзе нацыянальнае раптам пачало вызнавацца па арнаментах, то цікава, што пры ўсёй дэманстратыўнай ідэйнай мужыцкасці нашых першапраходцаў беларускага руху такая мода ім была чужая. І гэта прытым што палякі і ўкраінцы захапляліся «хлапаманствам», насілі традыцыйную вопратку, а вось для беларускай інтэлігенцыі гэта выглядала інакш: мужчыны аддавалі перавагу элегантным (наколькі маглі сабе дазволіць) гарнітурам, а вось жанчыны красаваліся ў традыцыйных строях. І здымкі з выставы гэты «гендарны» падзел у беларускім руху яскрава ілюструюць.

Схадзіць варта, сабраць разам разбітыя фрагменты гэтай страчанай сталіцы, дзякую Паўлу Каралёву, Людвіцы Кардзіс і ўсім, хто спрычыніўся да гэтай выставы.