Лукашэнка: Мы бачым, як з падачы Захаду безапеляцыйна руйнуецца створаная дзесяцігоддзямі сістэма міжнароднага гандлю
28.09.2018 / 12:18
Аляксандр Лукашэнка заклікае да адзінства і сумесных дзеянняў унутры СНД на фоне разбурэння існуючай сістэмы міжнароднага гандлю. Пра гэта ён заявіў сёння ў Душанбэ на саміце Садружнасці, піша БелТА.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што нязменным прыярытэтам сяброўства Беларусі ў СНД застаецца ўмацаванне эканамічнага супрацоўніцтва. Пры гэтым ён адзначыў, што сусветныя рынкавыя адносіны ўсё больш губляюць прыкметы цывілізаванага ўзаемадзеяння паміж краінамі. «Мы бачым, як з падачы Захаду безапеляцыйна, у аднабаковым парадку руйнуецца ствараная дзесяцігоддзямі сістэма міжнароднага гандлю. Выкарыстанне неправавых механізмаў ператвараецца ў норму і ставіць нашы эканомікі ў слабое становішча», - сказаў беларускі кіраўнік.
«Толькі разам мы зможам паспяхова супрацьстаяць гэтым новым выклікам. З аднаго боку, мы павінны аб'яднаць намаганні для сумеснай абароны інтарэсаў на глабальным рынку. З другога - актывізаваць узаемны гандаль і інвестыцыі, пашыраць прамысловую кааперацыю. У цэлым адказаць кансалідацыяй і павышэннем ролі Садружнасці як рэгіянальнага гульца», - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Ён са шкадаваннем канстатаваў, што ў бакоў у СНД адсутнічае агульнае бачанне і генеральны план развіцця Садружнасці. Не атрымалася да канца сфармуляваць тэарэтычную мадэль і стварыць практычную стратэгію эканамічнай інтэграцыі нашых краін.