Ад Белых Росаў да Ласасянкі: 25 адрасоў каралеўскага Гродна
Ва ўкраінцаў ёсць Львоў, у палякаў — Кракаў, у рускіх — Пецярбург. У нас ёсць Горадня. Авеянае легендамі места, паралельная — а ў некаторыя гістарычныя перыяды і рэальная — сталіца краіны. У Горадні каралі жылі. У Менску яны звычайна спыняліся праездам на вайну.
28.10.2018 / 18:07
Гісторык Андрэй Чарнякевіч пагадзіўся зрабіць нам экскурсію па каралеўскім горадзе, паказаць яго далёкае і нядаўняе мінулае, правесці па мясцінах, якія турысты звычайна абмінаюць.
Белыя Росы
Мы сустракаемся з Андрэем на вуліцы Белыя Росы. Так, яна названая ў гонар культавага савецкага фільма, у якім здымаліся Станюта, Гарбук, Карачанцаў, Садальскі.
Белыя Росы — прыклад таго, з якой сілай масавая культура ўплывае на свядомасць. Вёска, якая тут стаяла і ў якой, уласна, кіно здымалі, называлася Дзевятоўка. Але гэта ўжо мала каго турбуе: «Мяне нядаўна вёз таксіст і ўсю дарогу даказваў, што вёска Белыя Росы існавала», — кажа Чарнякевіч.
Белыя Росы дагэтуль разбудоўваюцца.
У новым мікрараёне, на тым месцы, дзе кіно здымалі, стаіць нават помнік яго героям.
Алень, зубр і зебра
Такі алень святога Губерта сустракае гасцей на ўездзе ў Гродна.
На старажытным гербе Гродна — алень з залатым крыжам між рог. У еўрапейскай геральдыцы гэтая выява называецца аленем святога Губерта. Вядома, што гэты герб Гродна пацвердзіла каралева Бона Сфорца, хоць на гарадскіх пячатках ён сустракаецца і раней. За часам Расійскай імперыі аленя змянілі на зубра. Варта памятаць, што тады ў Гродзенскую губерню амаль цалкам уваходзіла Белавежская пушча з усімі сваімі цудамі некранутай прыроды.
Гэта сёння зубр — растыражаваны брэнд Беларусі, кожнае дзіця ведае, як ён выглядае. А ў ХІХ стагоддзі зубры былі амаль вынішчаныя. Дзіва што на паштоўках з выявай герба Гродзенскай губерні ды на форменных гузіках мясцовых чыноўнікаў тых часоў замест зубра трапляецца нават… зебра. Можа быць, мастак, чытаючы апісанне герба, пераблытаў літары, і з зубра атрымаўся «зебр»?
Станіславова
Гісторыя Гродна шчыльна звязаная з імёнамі двух каралёў Рэчы Паспалітай: самага паспяховага і самага няўдалага. Маюцца на ўвазе Стэфан Баторый і Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Пра Баторыя пагаворым, як даедзем да цэнтра. А згадаць Станіслава Аўгуста ёсць нагода: па дарозе ад Белых Росаў ляжыць адна з яго рэзідэнцый.
Манаграма караля на будынку.
Панятоўскі ў маладосці быў каханкам расійскай імператрыцы Кацярыны, з яе падтрымкай і каралём быў абраны. Самастойнасць яго была досыць умоўная, хоць «кароль Стась» і рабіў спробы ўратаваць дзяржаву, якая кацілася ў прорву. Гродна ён любіў, падоўгу жыў тут і збудаваў у наваколлі аж тры рэзідэнцыі, назваўшы канцэптуальна: Станіславова, Аўгустова і… «Панятова» мусіла б быць па логіцы, але трэці маёнтак зваўся Панямонь.
Цяпер у Станіславове месціцца кафедра раслінаводства Гродзенскага аграўніверсітэта, і ў пышных кустах перад фасадам хаваецца помнік Мічурыну.
У фае будынка, дзе ступала нага апошняга караля Рэчы Паспалітай, захаваліся дзве печы з неагатычнай кафляй.
Карчма «Раскоша»
Алея з Станіславова, па якой цяпер шпацыруюць студэнты, у часы Панятоўскага вяла проста ў горад, які пачынаўся ў раёне сённяшняга чыгуначнага вакзала. Сучасная вуліца Ажэшкі называлася Раскошай, у гонар аднайменнай карчмы, якая стаяла на яе пачатку, пры ўездзе ў Гродна. А пры канцы вуліцы, бліжэй да цэнтра Гародні, стаяла карчма, якая звалася «Галеча». Цэннік там быў нашмат вышэйшы, чым у першай карчме. Час ідзе, а прынцыпы ўсё тыя ж: у цэнтры заўсёды даражэй.
Андрэй Чарнякевіч паказвае кут дома па вуліцы Ажэшкі, роўна на месцы тае карчмы.
Гарадзенскія рэкі
У дварах, трохі ніжэй за «Раскошу», выходзіць з падземнага калектара Гараднічанка.
У Нёман яна ўпадае між Старым Замкам і Каложай.
Гродна, канечне, стаіць на Нёмане. Але колькі цікавых гістарычных сюжэтаў звязана з яго малымі рэчкамі і рачулкамі — Гараднічанкай, Юрыдыкай, Ласасянкай…
Будынак-загадка
А зусім побач стаіць будынак з таямнічым надпісам. Калі прачытаць лацінскія літары, змешчаныя па адной над яго вокнамі, атрымаецца tepsiva.
Што значыць гэты надпіс і калі дакладна з’явіўся, краязнаўцы адказу не маюць. Слова такое ёсць у фінскай мове, значыць «для разумных». А падчас рамонту, разбіраючы грубку, будаўнікі знайшлі тут скарб — ці не на гэта быў намёк?
Насупраць, на цаглінах былой беларускай школы, зачыненай польскімі ўладамі ў 1927-м, цікавыя графіці — ад дарэвалюцыйных да сучасных.
Тут спыняўся атаман
Збочыць з Ажэшкі на вуліцу Валковіча варта, каб пераканацца, што гарадскі драўляны дом, ды яшчэ гарадзенскі, розніўся ад вясковага. Гарадзенцы любілі жыць прыгожа: дамы з аканіцамі, з аздобай, з зацішнымі верандамі. У адным з такіх у 1920-м спыняўся Вячаслаў Адамовіч.
Савецкім спецслужбам ён быў вядомы як Янка Дзяргач — атаман антысавецкай партызанкі «Зялёны дуб». Але ў Гродне Адамовіч жыў легальна, мірна выдаваў газету «Беларускае слова» і, відаць, шторанак атрымліваў асалоду ад кававых пахаў — проста насупраць месцілася найстарэйшая гродзенская кававая фабрыка. Які ж каралеўскі горад без сваёй кавы?
Фантазіі Тызенгаўза
Набліжаемся да Гарадніцы. Гэты раён Гродна спраектаваў на месцы аднайменнай вёскі Антоні Тызенгаўз, хаўруснік караля Панятоўскага і фактычна яго намеснік у Вялікім Княстве Літоўскім.
Антоні Тызенгаўз. Фота з Вікіпедыі.
Не згадаць пра яго, быўшы ў Гродне, немагчыма. Мы ходзім па вуліцах, якія ён спраектаваў, невідавочная памяць пра Тызенгаўза захавалася ў назвах гродзенскіх мікрараёнаў. Яго часта называюць рэфарматарам, які спрабаваў перавесці адсталую феадальную гаспадарку ВКЛ на капіталістычныя рэйкі. Пры ім у Гродне з’явіліся цэлыя прамысловыя кварталы, мноства мануфактур, майстэрняў, складоў. Тызенгаўз запрашаў замежных майстроў і вучыў сялянскіх дзяцей рамёствам.
Але чымсьці Тызенгаўз нагадваў расійскага цара Пятра Першага, які таксама спрабаваў уводзіць новыя парадкі, але з дапамогай старых метадаў. І тыя новаўвядзенні ператвараліся ў фармалізм і імітацыю. На мануфактурах Тызенгаўза працавалі прыгонныя, а не вольныя людзі. Яны не былі зацікаўленыя ў выніках сваёй працы, а без гэтага капіталізму не бывае. Завабленыя ў Горадню замежныя майстры жылі тут ледзь не ў рабстве.
Тызенгаўз жа жыў у палоне ўласных фантазій. Замест сукна і мукі, на якія заўжды быў бы попыт, ён ладзіў вытворчасць карэт класа люкс, карункавых пальчатак, паясоў з залатымі ніткамі, якія мала хто мог сабе дазволіць. Урэшце Тызенгаўз прагарэў, не змог аддаць пазыку, страціў каралеўскую міласць і пакінуў пасаду.
Кірха
Хочаш даведацца, хто жыве ў горадзе — паглядзі на яго храмы. Горадня заўжды была местам многіх культур і народаў. Заўважную частку яе насельніцтва складалі немцы-лютэране. Найбольш іх з'явілася тут за часам Тызенгаўза — з ліку запрошаных майстроў. Для іх была нават спецыяльная карчма-гасцініца, якую пасля перабудавалі ў пратэстанцкую кірху.
Расказваюць, што Тызенгаўз, каб зрабіць на замежнікаў уражанне, загадаў збудаваць у Гродне цэлую вуліцу дамоў з каменнымі фасадамі — каб майстры думалі, што тут не горш, чым у Галандыі. За фасадамі хаваліся драўляныя халупы.
У дворыку непадалёк ад кірхі ёсць цікавы аб’ект: адзін з найстарэйшых у Беларусі гаражоў. Такі гараж — густоўна змураваны, з старой цэглы — толькі ў Гродне і можа быць.
IT-парк
Самыя старыя каштаны ў Гродне растуць каля Гараднічанкі, насупраць дома Фалендорфаў — старога асабняка, у якім жыла маці пісьменніка Юрыя Алешы. Бераг рэчкі ўпарадкаваны, па ім можна шпацыраваць, разглядаючы каменныя перакаты ды штучныя вадаспады. Побач на ўзвышшы — ІТ-парк, філіял мінскага «Парка высокіх тэхналогій». Ён месціцца, не была б то Горадня, не ў шкляным гмаху, а ў камяніцах пачатку ХХ стагоддзя, у засені старых дрэваў.
Балкон камендатуры
У Гродне захаваўся будынак і нават той самы балкон, на якім быў зроблены славуты здымак часоў усталявання незалежнасці.
У былым Архірэйскім доме вясной 1919-га знаходзілася беларуская камендатура Гродна і базаваўся Першы беларускі полк. Праўда, адносіўся ён да літоўскіх войскаў, адзначае Чарнякевіч. Статус Гродна ў тыя часы не быў яшчэ да канца вызначаны, дзяржаўныя межы рухаліся.
Эліза, маці гродзенскіх хіпі
Эліза Ажэшка жыла ў Гродне на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў і ўвайшла, як і яшчэ адзін наш зямляк Адам Міцкевіч, у залаты фонд польскай класічнай літаратуры. У 1970-я постаць пісьменніцы набыла ў горадзе нечаканае амплуа.
Не тое, каб гродзенскія «дзеці кветак» захапляліся творамі Ажэшкі, проста на пляцыку каля яе помніка было месца іх звычайнай тусоўкі. Помнік Ажэшцы яны называлі проста «Матуля». Існаваў нават гурт «Дзеці Элізы».
Гэты ды многія іншыя факты, якія ствараюць жывую тканку культуры старажытнага горада, можна знайсці ў кнізе «Легенды нестарой Гародні», якая нядаўна выйшла з друку.
Кінатэатр «Манастырскі»
Так дзіўна некалі гродзенцы звалі першы ў горадзе і адзін з найстарэйшых у краіне кінатэатраў. Не, у ім не паказвалі спецыяльнае кіно для манахаў, проста яго збудаваў афіцэр з прозвішчам Манастырскі.
Адкрылі «сінематограф» перад Першай сусветнай. Афіцыйна ён зваўся «Эдэн», а пасля мяняў назвы: «Палац», «Палонія»… 1939 год заспеў яго пад назвай «Пан». Пакінуць такое новая савецкая ўлада, вядома, не магла: з той пары кінатэатр завецца «Чырвоная зорка».
А дзе Банапарт?
Дом віцэ-губернатара пры канцы вуліцы Ажэшкі, які цяпер лагічна выкарыстоўвае аблвыканкам, упрыгожваюць дзве мемарыяльныя шыльды. Яны сведчаць, што тут спыняліся такія рознаскіраваныя асобы, як Фелікс Дзяржынскі і Пётр Сталыпін. Для поўнага камплекту славутых гасцей не хапае згадкі пра Жэрома Банапарта, брата Напалеона, што спыняўся тут у 1812-м.
Жэром Банапарт.
Ён камандаваў часткай французскага войска, якому адводзілася важная задача: звязваць расійскую армію Баграціёна, пакуль сам Напалеон абыходзіў яе з тылу. Але, заняўшы Гродна, Жэром страціў галаву: ладзіў парады, баляваў з мясцовымі прыгажунямі ды змарнаваў некалькі вырашальных дзён. А тым часам Баграціён выслізнуў з падрыхтаванай пасткі… Раз’юшаны імператар зняў з Жэрома ўсе паўнамоцтвы, нягледзячы на сваяцтва. Так што ў палацы віцэ-губернатара, штабе Жэрома Банапарта, пры актыўным удзеле гродзенскіх прыгажунь была ўратаваная Расійская імперыя.
Від на горад
Другі стары гродзенскі кінатэатр «Спартак» (ён жа «Люкс», «Ліра», «Апола») быў на пачатку Савецкай, дзе цяпер гандлёвы цэнтр «Нёман». Будынак адметны яшчэ тым, расказвае Чарнякевіч, што ў 1939-м, падчас баёў між савецкімі войскамі і абаронцамі Гродна, у яго ўехаў падбіты савецкі танк. Цяпер тут ёсць класная турыстычная лакацыя — аглядны пляц, на які можна ўзняцца ліфтам з празрыстымі сценамі.
Старыя гарадзенскія дахі, саборы ўдалечыні, шаты замкавай гары і Каложскага плато ў восеньскіх колерах— дзеля аднаго гэтага краявіда варта пабываць у Гродне.
У гэтай камяніцы па вуліцы Савецкай месцілася рэдакцыя газеты «Гродзенская праўда». Тут працаваў Васіль Быкаў. Жыў класік літаратуры таксама побач.
Тут была Фара Вітаўта
Савецкая плошча з візітоўкай Гродна — велічным езуіцкім касцёлам.
Цяністы скверык з старых ужо досыць дрэваў пазначае месца, дзе да 1961-га высіўся адзін з найбольшых храмаў Гродна — фарны касцёл, Фара Вітаўта. Ён дамінуе на ўсіх старых гравюрах з выявай горада. Хоць больш лагічна было б называць храм Фарай Баторыя — за часам гэтага караля замест старога драўлянага касцёла часоў Вітаўта паставілі велічны каменны сабор. Кароль Стэфан Гродна любіў, падоўгу тут жыў і ўкладаў у прыгажосць горада грошы. Злыя языкі казалі, што ён хаваецца тут ад жонкі-каралевы, з якой меў нацягнутыя адносіны.
…Знішчэнне Фары ў 1960-я абумовілі «аварыйнасцю». Каб узарваць «аварыйны» храм, спатрэбілася дзве тоны выбухоўкі. На яго месцы так нічога і не збудавалі. Цяпер у цэнтры сквера стаіць мемарыяльны знак.
Стараста Давыд
Вуліцай Замкавай спускаемся туды, дзе, размежаваныя ровам, стаяць Стары і Новы гродзенскія замкі. Па правым баку ад Замкавай — гродзенскі яўрэйскі квартал.
Мемарыял на Замкавай, на месцы ўваходу ў яўрэйскае гета часоў Другой сусветнай вайны. Таксама ў Гродне захаваўся будынак Вялікай харальнай сінагогі.
Перад замкамі — зусім новы помнік Давыду Гарадзенскаму. Ускосныя сведчанні, якія мы маем пра жыццё гэтага князя, паказваюць, што стараста памежнага горада-крэпасці Давыд адпавядаў свайму крываваму XIV стагоддзю. Ён адганяў рыцараў-крыжакоў ад гродзенскіх сцен, суправаджаў да іх замкаў, выразаючы па дарозе, а пасля і сам, наводзячы жах, з войскам каціўся як агонь праз усю Польшчу, аж да Франкфурта-на-Одэры.
Загінуў Давыд у паходзе, забіты здраднікам. Каля Каложы пакажуць яго сімвалічную магілу, «адшуканую» пры канцы 1980-х.
Сфінксы з тварамі каралёў
Існуе гарадская легенда, што сфінксы на слупах брамы Новага замка маюць партрэтнае падабенства да караля Рэчы Паспалітай Аўгуста ІІІ Саксонскага і яго жонкі Марыі Юзэфы Аўстрыйскай.
«Сфінкс —сімвал мудрасці, але яго перамагае амур — сімвал пачуцця. Сімволіка ў духу эпохі Асветніцтва», — каментуе Чарнякевіч.
Картуш
У Новым замку ў Гродне кароль Станіслаў Аўгуст падпісаў адрачэнне ад трону, што ўзаконіла знікненне Рэчы Паспалітай — дзяржавы, у якой беларусы, палякі, літоўцы і ўкраінцы жылі разам больш як дзвесце год.
Антычны порцік у стылі «сталінскага ампіру» на ўваходзе ў замак прыбудавалі ў савецкі час. Але і ён памалу набывае гістарычны выгляд: з’явіліся дзве заўважныя расколіны. А проста ў порціку паставілі картуш — герб Рэчы Паспалітай, што некалі ўпрыгожваў замкавую браму.
Пажар XIV-га і рамонт ХХІ-га
«Скора замест Старога і Новага замкаў будзем мець Новы і яшчэ навейшы» — саркастычна кажуць гродзенцы. Стары замак капітальна рамантуюць.
Гісторыкаў трывожыць тое, што ён набывае выгляд, у якім больш архітэктарскай фантазіі, чым гістарычнай праўды. Знішчаюцца цэлыя кавалкі сапраўдных старажытных муроў.
У замкавым двары, вакол нядаўна залітых бетонных свай, працуюць археолагі.
У раскопе відаць, як чорныя ад часу клеткі драўляных зрубаў розных стагоддзяў касавата стаяць проста адзін на адным, нібы складзеныя дзіцячай рукой кубікі. Дзівішся, наколькі блізка да паверхні гэтая старажытнасць. На самым дне раскопа — сярэдзіна XIV стагоддзя. Падлога хаты, па якой мог хадзіць стараста Давыд, чорная не ад часу, ад пажару. Ці то крыжакі палілі, ці то пажар па неасцярожнасці, біч цесных сярэднявечных гарадоў.
Крэйцэравы лямпы
На вуліцы за езуіцкім касцёлам захаваўся дом гродзенскага прадпрымальніка-стартапера Уладзіміра Крэйцара. Ён у пачатку ХХ стагоддзя быў адзіным ва ўсёй Расійскай імперыі дыстрыбутарам амерыканскіх заводаў калільных лямп. Гэта такія ўдасканаленыя газавыя лямпы, якія даюць ярчэйшае святло.
Багацце не ўратавала Крэйцара ад абвінавачанняў у шпіянажы на карысць немцаў. Тут адыграла ролю паходжанне продкаў і… паштовыя галубы, якіх ён гадаваў. Сям'ю выслалі з Гродна пад нагляд паліцыі, вярнуцца ўдалося не скора…
Форт № 4
Гродна — гэта не толькі шчыльная забудова. Гэта яшчэ і вось такія прыгажэнныя хвойныя лясы, як пры вусці Ласасянкі — ракі, што ўпадае ў Нёман у перадмесці Фолюш. Не верыцца, што яшчэ сто год таму тут было голае месца: усё высякалі, каб лепш бачыць набліжэнне праціўніка.
У пачатку ХХ стагоддзя з Гродна рабілі вялізны абарончы фарпост на заходнім рубяжы. У паветры пахла вялікай вайной, царскі ўрад укінуў у гродзенскія ўмацаванні вялізныя сродкі. Колькі іх раскралі падрадчыкі — не выкажаш.
Некалькі бетонных фортаў тае крэпасці захавалася дагэтуль. Самы заходні — форт №4 — месціцца за пару кіламетраў ад Гродна, пры самай польскай мяжы.
Развернутыя на захад бетонныя амбразуры для стралкоў, месцы для гармат, глыбокія бункеры і стальны каўпак з вузкімі шчылінамі на пярэднім краі, назіральны пункт — нібы ілюстрацыі да твораў Барбюса, Рэмарка, Гарэцкага.
Высілкі былі змарнаваныя ўпустую: ніводнае варожае войска форты надоўга не затрымалі.
«Карона» каралеўскага горада
Згаладаўшы падчас вандровак па Гродне, можна завітаць у «Карону». Гандлёвы цэнтр стаіць, дарэчы, на месцы колішніх казармаў той самай Гродзенскай крэпасці — пр. Янкі Купалы, 16а-1.
Тут можна і па-скораму падсілкавацца (працуюць рэстаран хуткага абслугоўвання Піт Stop і кавярня «Амстэрдам», ёсць нават уласная пякарня з гарачым хлебам), і грунтоўна закупіцца. Плошча аднаго толькі гіпермаркета — 5 тысяч кв. м., агульная плошча учацвёра большая. Апроч ужо згаданага, тут ёсць магазін побытавай тэхнікі і галерэя буцікоў.
Самы доўгі мост у свеце
Гэта яшчэ адна цікавостка з правага берага Нёмана. Такое амплуа меў мост праз Ласасянку. З цэнтра да Фолюша з тым мастом найзручней ехаць праз Пераселку — раён прыватнай забудовы з нядобрай славай. Тут жылі гродзенскія фурманы, што, як і адэскія біндзюжнікі, спалучалі асноўную дзейнасць з крымінальнай. У 1944-м, у кароткі момант безуладдзя, калі нямецкія войскі ўжо выйшлі з Гродна, а савецкія яшчэ не ўвайшлі, уся Пераселка кінулася рабаваць багатыя асабнякі…
Назва ж Фолюш — ад слова «фаляваць», то бок выпростваць тканіну. Гэта спадчына Тызенгаўза, які ставіў на Ласасянцы мануфактуры па вытворчасці сукна. Механізмы рухала вада — электрычнасці ж яшчэ не было.
Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай тэрыторыі на правым беразе Ласасянкі належалі Расійскай імперыі, а на левым — Прусіі. Паколькі дзяржавы жылі па розных календарах, пераязджаючы мост, чалавек рабіў скачок у часе на дзесяць дзён.
Надзвычай адпаведны сімвал для старой Горадні. Уся яна можа быць такім мостам, дзе кожны новы крок пераносіць у далёкія часы.
ТАА «Табак-інвест», УНП 101333138