Стаў вядомы стан збітага расійскімі футбалістамі Какорыным і Мамаевым чыноўніка
09.10.2018 / 09:24
Дырэктар дэпартамента Мінпрамгандлю Расіі Дзяніс Пак атрымаў закрытую чэрапна-мазгавую траўму і ўдары пасля бойкі з Аляксандрам Какорыным. Пра гэта ў інтэрв'ю «Камерсант FM» распавёў яго адвакат Генадзь Удудян.
«Адбылося відавочнае хуліганства па матывах расавай варожасці, бо здзек з маёй даверанай асобы быў па расавых матывах. Ён зрабіў Какорыну і Мамаеву заўвагу, пасля чаго атрымаў удар па галаве і кулаком па твары. У маёй даверанай асобы — закрытая чэрапна-мазгавая траўма, удары. Заведзена крымінальная справа па артыкуле «збіццё». Мы адназначна будзем дамагацца таго, каб артыкул быў перакваліфікаваны, бо гэта людзі, што прадстаўляюць небяспеку», - заявіў Удунян.
Інцыдэнт адбыўся 8 кастрычніка. Какорын з Мамаевым уступілі ў канфлікт з дырэктарам дэпартамента Мінпрамгандлю Дзянісам Пакам і дырэктарам ФГУП «НАМІ» Сяргеем Гайсіным у адным з кафэ ў цэнтры Масквы. На відэа з камер назірання відаць, што Какорын ударыў Пака крэслам па галаве. Па паведамленнях відавочцаў, абодва гульцы знаходзіліся ў неадэкватным стане. Жонка Мамаева Алана выбачылася за паводзіны футбалістаў і заявіла, што яны былі п'янымі.
Пак і Гайсін былі дастаўлены ў бальніцу, футбалісты сышлі да прыбыцця паліцыі.