Расійскія топ-футбалісты да бойкі ў кафэ жорстка збілі беларуса, які зрабіў ім заўвагу. Ён трапіў у рэанімацыю
09.10.2018 / 10:49
Злева направа — беларус Віталь Салаўчук (фота з сацыяльных сетак), футбалісты Аляксандр Какорын і Павел Мамаеў (фота з інстаграма Какорына).
33-гадовага Віталя Салаўчука з Беларусі ўчора раніцай у Маскве збілі расійскія футбалісты Какорын і Мамаеў за тое, што ён зрабіў ім заўвагу, паведамляе тэлеграм-канал Mash.
Гэта адбылося за дзве гадзіны да збіцця ў кафэ дырэктара дэпартамента Мінпрамгандлю Расіі Дзяніса Пака.
Салаўчук працуе кіроўцам і чакаў вядучую Першага канала Вольгу Ушакову.
Паводле Mash, каля сёмай раніцы футбалісты і іх сябры выйшлі з маскоўскага стрыптыз-клуба і пачалі біць нагамі машыны на паркоўцы. Як і ў далейшай сітуацыі ў кафэ, знайшоўся чалавек, які зрабіў маладым людзям заўвагу (г.зн. Віктар Салаўчук). У адказ кампанія напала на мужчыну і нанесла яму некалькі ўдараў па галаве. У выніку ён быў дастаўлены ў рэанімацыю са струсам мозгу і чэрапна-мазгавой траўмай.
Маскoўская міліцыя па факце збіцця завяла крымінальную справу.
instagram.com/kokorin9
Нагадаем, што інцыдэнт з Пакам адбыўся 8 кастрычніка. Какорын з Мамаевым уступілі ў канфлікт з дырэктарам дэпартамента Мінпрамгандлю Расіі Дзянісам Пакам і дырэктарам прадпрыемства «НАМІ» Сяргеем Гайсіным у адным з кафэ ў цэнтры Масквы. Какорын ударыў Пака крэслам па галаве. Па паведамленнях відавочцаў, абодва гульцы знаходзіліся ў неадэкватным стане. Пак атрымаў закрытую чэрапна-мазгавую траўму.