«Мы зробім усё, каб гэтага дамагчыся». ФК «Краснадар» вырашыў разарваць кантракт з Мамаевым
09.10.2018 / 12:36
Wikimedia Commons
Футбольны клуб «Краснадар» «зробіць усё», каб разарваць кантракт з футбалістам Паўлам Мамаевым, які разам з гульцом «Зеніта» Аляксандрам Какорыным прыняў удзел у збіцці некалькіх чалавек, у тым ліку беларуса.
«У дадзены момант мы вывучаем, як разарваць кантракт з гульцом. На жаль, кантракты складзеныя такім чынам, што яны максімальна абараняюць прафесійных спартсменаў», — сказана ў заяве клуба.
«Краснадар» таксама мае намер прымяніць да Мамаева «ўсе магчымыя санкцыі, названыя ў кантракце», у тым ліку штраф і адхіленне ад трэніровак.
«Мы першы раз сутыкнуліся з такой сітуацыяй, калі пачата крымінальнае расследаванне інцыдэнту, звязанага з футбалістам клуба. Тое, што мы ўбачылі на відэа — гэта абуральна. І гэтаму не можа быць ніякіх апраўданняў», - заявілі ў «Краснадары».
Кіраўніцтва «Зеніта» таксама мае намер скасаваць кантракт з нападаючым Аляксандрам Какорыным.