Суд змякчыў на год пакаранне бізнэсоўцу Кныровічу

16.10.2018 / 14:32

Фота Волі Афіцэравай

Суд змякчыў пакаранне бізнэсоўцу, дырэктару і сузаснавальніку ТАА «СарматТэрма-Інжынірынг» Аляксандру Кныровічу, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінгарсуда.

Мінскі гарадскі суд разгледзеў сёння апеляцыю па справе бізнэсоўца і яго калег. У выніку прысуд зменены, пакаранне для Кныровіча зніжана з 6 да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Раней судом Фрунзенскага раёна бізнэсмену быў вынесены прысуд за дачу хабару ў буйным памеры, а таксама ўхіленне ад выплаты падаткаў шляхам наўмыснага заніжэння падатковай базы.

Разам з ім абвінавачваюцца па справе праходзілі некалькі супрацоўнікаў ТАА «СарматТэрма-Інжынірынг». У прыватнасці, яны прызнаныя вінаватымі ў дапамаганні ва ўхіленні выплаты сум падаткаў. Двое з іх прысуджаныя да чатырох, трэці — да трох гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.