У Светлагорску маці пакінула дзяцей дома адных. Заўважыўшы дзяцей на падаконніку, суседзі выклікалі МНС

16.10.2018 / 19:56

Маці пакінула дома малалетніх дзяцей і сышла па справах. Відавочцы выклікалі МНС калі ўбачылі дзяцей, якія стаяць на падаконніку, паведамляе «Ранак».

13 кастрычніка, у суботу, светлагорскім ратавальнікам патэлефанавала ўсхваляваная жанчына. Яна распавяла, што стала відавочцам таго, як на падаконніку акна на пятым паверсе знаходзяцца двое маленькіх дзяцей і адкрыта фортачка.

У 10:09 ратавальнікі выехалі на вуліцу Шасэйная. Там супрацоўнікі МНС убачылі дзяцей, якія стаяць на падаконніку. Яны вырашылі паставіць пажарныя драбіны. У гэты час іншы супрацоўнік прыцягваў увагу дзяцей, знаходзячыся каля ўваходных дзвярэй кватэры. Дзеці адкрылі дзверы самі.

Дома 4-х і 2-гадовае дзіця знаходзіліся самі, маці дома не было.

На шчасце бацькоў, гэтая гісторыя скончылася добра, але можна ўявіць, што магло б быць, — адзначаюць супрацоўнікі Светлагорскага РАНС.