«Рэстаран на касцях»: у Шклове наклалі арышт на маёмасць Кастусёва

21.10.2018 / 17:23

Аддзел прымусовага выкананьня Шклоўскага раёна 19 кастрычніка наклаў абмежаваньні на маёмасьць старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва дзеля забесьпячэньня аплаты штрафа за Курапаты, які насамрэч быў ужо даўно выплачаны, паведамляе прэс-служба Партыі БНФ.

Як паведаміў Рыгор Кастусёў прэс-службе Партыі БНФ, 19 кастрычніка ён атрымаў па пошце цэлы пакет дакументаў, зьвязаных з адміністратыўнымі штрафамі, якімі палітык быў пакараны ў часе сёлетніх пратэстаў у Курапатах. У тым ліку Рыгору Кастусёву была дасланая позва і пастанова аб накладаньні абмежаваньняў на маёмасьць у выглядзе забароны ажыцьцяўленьня рэгістрацыйных дзеяньняў у дачыненьні да аўтамабіля і гаража, якія належаць старшыні БНФ.

«Я быў здзіўлены, атрымаўшы з суда Шклоўскага раёну паведамленьне пра ўзбуджэньне выканаўчай вытворчасьці па штрафах за курапацкую варту. Справа ў тым, што ўсе штрафы па сёлетніх адміністратыўных спагнаньнях у мяне сплочаныя. Нягледзячы на гэта, судовыя выканаўцы вынеслі на мой адрас пастанову пра накладаньне арышту на аўтамабіль і гараж. Мне давялося ў дзень трыццацігодзьдзя БНФ займацца камунікацыяй паміж судамі ў Менску, якія выносілі пастановы пра штрафы, і судовымі выканаўцамі тут у Шклове, якія наклалі абмежаваньні на маю маёмасьць дзеля спагнання грошаў у лік штрафа. Падкрэслю, што гэтыя штрафы былі сплочаныя мною яшчэ ўлетку.

Я разглядаю гэтыя дзеяньні судовай улады як дробную помсту за пададзеную мною ў Камітэт ААН па правах чалавека скаргу на выкарыстаньне адміністратыўнага перасьледу як сродку абмежаваньня свабоды сходаў у Беларусі. Гэтая скарга была ў мінулым месяцы мною пададзеная пры дапамозе юрыстаў правабарончага цэнтру «Вясна», — сказаў Рыгор Кастусёў.

Нагадаем, што 4 ліпеня суд Партызанскага раёну Менску аштрафаваў старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва на 30 базавых велічынь штрафу (735 рублёў) па артыкуле 23.34 КаАП за ўдзел у акцыях па абароне Курапатаў, дзе адчынілася забаўляльная ўстанова «Паедзем, паядзім». Напярэдадні лідэр БНФ быў брутальна затрыманы спецаддзелам міліцыі на шляху да менскага аэрапорта, што пазбавіла яго магчымасьці выступіць на канфэрэнцыі ў польскім Сэйме. Па факце абмежаваньня свабоды сходаў старшыня БНФ падаў паведамленьне ў Камітэт ААН па правах чалавека.