У Эр-Рыядзе заявілі, што саудаўскія агенты задушылі Джамаля Хашогі выпадкова, усе 18 спецслужбістаў арыштаваныя
22.10.2018 / 10:07
Супрацоўнікі саудаўскіх спецслужбаў выпадкова задушылі журналіста Джамаля Хашогі ў консульстве Саудаўскай Аравіі ў Стамбуле, пасля чаго зманілі, што дазволілі яму сысці. Пра гэта Reuters ананімна заявіў высокапастаўлены саудаўскі чыноўнік.
Паводле яго слоў, у Стамбул прыбылі 15 агентаў, каб пераканаць Хашогі добраахвотна вярнуцца ў Саудаўскую Аравію. Але журналіст адмовіўся вяртацца. Тады агенты прыгразілі, што накачаюць яго наркотыкамі і выкрадуць. Хашогі стаў клікаць на дапамогу, і да яго ўжылі задушлівы прыём. «Яны хацелі прымусіць яго замаўчаць, але ён памёр», — сказала крыніца Reuters, падкрэсліўшы, што журналіста забілі ненаўмысна.
Каб схаваць злачынства, агенты загарнулі цела Хашогджы ў дыван і перадалі яго «мясцоваму калегу», які ад яго пазбыўся (па словах суразмоўцы Reuters, месцазнаходжанне парэшткаў пакуль невядома). Адзін з саудаўскіх агентаў надзеў вопратку Хашогі, яго акуляры і Apple Watch — і пайшоў з консульства праз заднія дзверы, каб падаць справу так, як быццам журналіст пакінуў будынак. Ён выкінуў яго рэчы ў адным з раёнаў Стамбула.
Затым агенты напісалі фальшывую справаздачу, у якой гаварылася, што яны дазволілі Хашогі сысці пасля таго, як ён адмовіўся вяртацца ў Саудаўскую Аравію. Суразмоўца Reuters заявіў, што менавіта на гэтай справаздачы грунтаваліся першапачатковыя сцвярджэнні саудаўскіх уладаў аб тым, што журналіст пакінуў консульства. Цяпер усе 15 саудаўскіх агентаў, адпраўленых у консульства ў Стамбуле, а таксама яшчэ тры падазраваных арыштаваныя.