Як прыгатаваць суп з фрыкадэлькамі з усходнім акцэнтам РЭЦЭПТ
Апошнія некалькі год не сціхае папулярнасць азіяцкай кухні. І гэта не дзіўна, бо стравы японскага, кітайскага, в’етнамскага паходжання маюць сапраўды цікавы і незвычайны смак.
27.10.2018 / 13:23
Насычанасць соусаў, прыемная вастрыня, кісла-салодкі прысмак — гэта толькі малая частка адценняў смаку гэтых страў. Мне заўсёды было цікава, ці магчыма штосьці аўтэнтычнае стварыць на сваёй кухні, ці знайду я на нашых рынках патрэбныя інгрэдыенты.
І вось гэтым разам мы будзем гатаваць варыянт усім добра вядомай стравы, але з арыентальным акцэнтам: суп з фрыкадэлькамі! Цікавы азіяцкі прысмак тут збольшага надае булён (на мой густ, ён вельмі падобны на булён да супу фо), але і фрыкадэлькі, тушаныя ў мёдзе і апельсінавым соку, не сыходзяць на другі план. Смачна есці!
На булён:
- 1 цыбуліна-парэй;
- 1 морквіна;
- 1 чвэрць кораня сельдэрэю;
- 1 цыбуліна;
- костка з курынай грудкі;
- 6 зорачак бадзяну;
- 2 лаўровыя лісты;
- кавалак кары карыцы;
- 1 перац чылі;
- 1 ч. л. дзёртага свежага імбіру;
- 4 ст. л. соевага соусу.
Агародніну чысцім і наразаем кавалкамі. Тым часам костку заліваем вадой, кіпяцім, першую ваду зліваем. У рондаль з косткай дадаём агародніну і ўсе спецыі, акрамя імбіру, заліваем 3 літр вады. Кіпяцім і варым, пакуль булён не ўварыцца ў два разы (у мяне заняло прыкладна 1,5 гадзіны). Булён прапускаем праз сіта, дадаём імбір і соевы соус.
На фрыкадэлькі:
- 500 г курынага філе (лепш узяць філе на костцы, каб скарыстаць яе для булёну);
- 3 ст. л. алею;
- 1 маленькая цыбуліна;
- пучок зялёнай цыбулі;
- 1 яйка;
- 1 ст. л. мукі;
- 1 ч. л. папрыкі;
- 0,5 ч. л. перцу чылі;
- соль, чорны перац;
- 1 ч. л. мёду;
- 3 ст.л. соевага соусу;
- сок, выціснуты з паловы апельсіна.
Цыбулю дробна наразаем і румянім на патэльні з 1 сталовай лыжкай алею. З курынага філею робім фарш, дадаём смажаную цыбулю, нарэзаную зялёную цыбулю, яйка, муку і спецыі. Фармуем невялічкія шарыкі і пакідаем на 20 хвілін у халадзільніку.
Разаграваем алей на патэльні і смажым фрыкадэлькі да румянасці. Змешваем соевы соус, мёд і апельсінавы сок, дадаём соус да фрыкадэлек. Накрываем патэльню накрыўкай і даём 15 хвілін патушыцца.
На дадатак
- 50 гр. фунчозы ці тонкай рысавай локшыны;
- свежая кінза.
Перад падачай дадаём у булён фунчозу, трымаем на агні хвілін 5. У талерку кладзём некалькі фрыкадэлек і заліваем іх булёнам. Можна пасыпаць свежай кінзой.