У Жодзіне мужчына спрабаваў скрасці бензапілу. І тут пачалося…

29.10.2018 / 18:11

У Жодзіне спроба крадзяжу бензапілы павярнулася для мужчыны прапажай машыны і крымінальнай справай, паведамляе УУС Мінаблвыканкама.

29-гадовы жыхар Смалявічаў ноччу 12 кастрычніка адправіўся на «жыгулях» у Жодзіна на пілараму, каб скрасці бензапілу. Аднак аказалася, што прадпрыемства працуе і ў начную змену.

Мужчына паспеў прыхапіць бензапілу, а калі ўжо збіраўся сыходзіць, яго заўважылі работнікі. Злодзей вырашыў пераскочыць плот, але падвярнуў нагу і ўпаў, тады ён прапанаваў работнікам вырашыць канфлікт на месцы, без міліцыі.

Тыя вырашылі пайсці насустрач. На пілараму прыехаў гаспадар, ён выслухаў і адпусціў хлопца, але пакінуў у сябе яго машыну.

Да раніцы гаспадар піларамы вырашыў, што было б нядрэнна, калі б злодзей кампенсаваў яму «маральную шкоду». Праз некалькі дзён жыхар Смалявічаў паехаў забіраць аўто і ўзяў з сабой сяброў на выпадак, калі гаспадара піларамы не задаволіць кампенсацыя і ён не захоча вяртаць «жыгулі». Аднак высветлілася, што машыны на тэрыторыі прадпрыемства няма.

На пытанне гаспадара аўтамабіля, дзе яго маёмасць, дырэктар проста развёў рукамі. Такі адказ не задаволіў гасцей, і яны напалі на мужчыну, работнікі піларамы патэлефанавалі ў міліцыю.

Рабочыя расказалі гісторыю міліцыі. Аказалася, што аднаго з работнікаў піларамы калегі адправілі паехаць на машыне у краму па спіртное, аднак нецвярозага кіроўцу спынілі супрацоўнікі ДАІ. На яго склалі пратакол, а «жыгулі» паставілі на штрафстаянку для далейшага разгляду.

Высветлілася, што спроба крадзяжу бензапілы не адзіны эпізод у кар'еры жыхара Смалявічаў.