Як заганяюць у БРСМ. Вучні мінскай школы запісалі скандальнае ВІДЭА
дапоўнена
30.10.2018 / 21:04
Цяжка ўявіць, што запіс зроблены ў еўрапейскай краіне ХХІ стагоддзя. Можна было б падумаць, што ідзе запіс у гітлерюгенд ці сталінскі камсамол. Але гэта Беларусь — запіс быў зроблены адным з вучняў мінскай школы з-пад парты. Разборліва чуваць, як дзецям пагражаюць, бо «адміністрацыі школы патрэбная стопрацэнтная статыстыка, а іначай можа быць адлічэнне з класа». Відэа аказалася ў распараджэнні сайта Svaboda.org.
«Зрабілі, забылі, заткнуліся і сядзіце ціхенька — ніхто вас чапаць не будзе», — крычыць, імаверна, завуч. Калі дзеці кажуць, што ў БРСМ ім параілі не ўступаць бацькі, настаўнікі пачынаюць ціснуць на тое, што гэты білет можа паўплываць на паступленне, гэта проста «просьба» школы, каб не падводзіць сваю ўстанову, і нават грамадзянскі абавязак, ад якога нельга адмовіцца, бо «што гэта за антысаветчына нейкая і антыбеларушчына».
«Вы што, не падтрымліваеце палітыку прэзыдэнта?» — крычыць на дзяцей пэдагог. У выніку дзецям кажуць, што яны ўжо даўно фармальна ў БРСМе, іх толькі сфатаграфуюць, але ані складак, анічога плаціць не трэба. «Проста тупа сфатаграфавацца трэба». А потым ім аддадуць білецікі — і ўсё, а могуць нават і не аддаваць, калі дзеці не захочуць забіраць. Проста фармальнасць, бо ўсе даўно ўжо ў сьпісах БРСМ, а на складкі настаўніцы будуць выдаткоўваць грошы са сваёй кішэні.
Асноўныя цытаты:
— Я яшчэ раз табе паўтараю — чысло… Гэта толькі магчыма, калі ты выключаешся з класа, разумееш? Тады толькі мы можам казаць пра гэта!
— Я нічога не разумею. 14 гадоў ужо усвядомлены выбар свой робіце і ўсё павінны разумець, што калі сказала радзіма, то камсамол адказаў: «Ёсць!». Мы павінны гэта зрабіць. Калі вы навучэнцы нашай гімназіі — і за яе гонар павінны стаяць. А ў вас усё смех нейкі…
— Мы сядзім на нарадах навыцяжку — нам гэта патрэбна?
— Радзіме трэба! Ёсць такая цана — абараняць радзіму!
— Значыць, каму трэба? Я б усё патлумачыла вам, дзеці. Альбо вы грамадзяне Рэспублікі Беларусь, альбо вы свой патрыятычны абавязак павінны выконваць ці не? Я што, павінна па ўсіх артыкулах, па ўсіх праверках павінна пайсці з-за вас? Хай скажуць: што ж за выхаваўчая праца ў N-й гімназіі? Паставіць яны могуць, проста тупа зрабіць гэтую лічбу. Хочаце вы — не хочаце, забралі гэты білет, узялі ў зубы, паклалі дома на палічку і сядзіце, заткніцеся! Усё! Я ўжо з вамі як з дарослымі людзьмі кажу. Антысаветчына нейкая, антыбеларушчына нейкая. Вы не падтрымліваеце палітыку прэзідэнта нашага, так?
— Ганьба! Па ўсіх паказчыках першыя месцы на ўсіх алімпіядах, на ўсіх конкурсах, на табе! БРСМ гэты задрыпаны не можам зрабіць. Ды што ж гэта за адносіны такія! Дзеці, падумайце, калі ласка! Зрабілі, забыліся, заткнуліся і сядзіце ціхенька — ніхто вас чапаць не будзе. Узносы са сваёй кішэні дастанем — я, Ганна Мікалаеўна — і заплацім гэтыя сяброўскія ўзносы.
— Яшчэ раз паўтараю: ужо усё роўна ўсё зроблена. Нам проста цяпер фактычна трэба гэтыя білеты ўбачыць, у руках іх патрымаць, каб вы ў іх распісаліся. Не хочаце — не бярыце гэтыя білеты!
— У цябе 10,5 балаў атэстат, напрыклад, і ў Пупкіна якога-небудзь з Гродна таксама 10,5. Але ён напіша ў заяве «член БРСМ», а ты — не. І скажуць тады: «валіце, шаноўны, і далей у сваім Мінску пражывайце, а мы возьмем дзядзьку з Гродна і з БРСМ-ам затое». Чалавека, які сфарміраваны патрыятычна. Чалавека, які сфарміраваны патрыятычна. Грамадзянін які. Пазіцыю сваю прыняў.
— Хлопцы, я трохі не разумею цяпер, перад вамі стаіць намеснік дырэктара па выхаваўчай працы вашай гімназіі. Яна стаіць, распінаецца, я не разумею, у чым ваша праблема? Вы хочаце цяпер усе разам пайсці да Алены Віктараўны схадзіць на аўдыенцыю. Я спадзяюся, там смяшкі вашыя ўсе пройдуць і вашы вось такія водгукі…
— Вам атэстат, не дай бог, з такім вось паводзінамі сапсаваць, як два пальцы — гэта я вам кажу. Калі, не дай бог, я яшчэ раз падобны тон пачую ад кожнага з вас. Перад вамі стаіць жанчына ў першую чаргу.