У Літве адкрылася першая ў свеце бурштынавая лазня ФОТА
08.11.2018 / 10:19
Delfi.lt
У Літве з'явілася першая ў свеце бурштынавая лазня, якая абышлася ў 100 000 еўра (выкарысталі 3 тоны натуральнага бурштыну з Балтыйскага мора). Мяркуюць, што яна зацікавіць як жыхароў Літвы, так і турыстаў, піша Delfi.lt.
Лазня была адкрыта ў Паланзе, у аздараўленчым цэнтры Atostogų parkas. Яе назвалі «Сонцам» (Saulės). Плошча лазні - 22 кв. м, адначасова ў ёй могуць знаходзіцца 15 чалавек. На абсталяванне лазні сышоў амаль год.
Дырэктар Atostogų parkas Рычардас Ёвайша сказаў, што ў свеце ёсць лазні з асобнымі элементамі з бурштыну, але ў гэтай лазні выкарыстоўвалі велізарную колькасць бурштыну, ім пакрытыя сцены, столь і нават лежакі.
У лазні падтрымліваюць тэмпературу 45-48 градусаў. «Галоўнай задачай было правільнае выкарыстанне бурштыну для ўмацавання здароўя людзей. Мы раіліся з навукоўцамі, і вось вынік. Узаемадзеянне бурштыну, цяпла і інфрачырвоных прамянёў — вось што спрыяе ўмацаванню здароўя чалавека», - сказаў Ёвайша.
Лазеншчык Atostogų parkas Ёнас Пуджміс і Эдуардас Мішэйкіс сказалі, што прагрэты да пэўнай тэмпературы бурштын выдзяляе бурштынавую кіслату, якая жыццёва важная для арганізма кожнага чалавека. У такой лазні рэкамендуюць знаходзіцца не больш за 30 хвілін - гэтага дастаткова, каб атрымаць максімум карысці.
Наведванне гэтай лазні каштуе 3 еўра, але каб у яе патрапіць, трэба купіць білет ва ўвесь лазневы комплекс (гэта 14 еўра для дарослага і 6 еўра для дзяцей і пенсіянераў).