МЗС Эстоніі выклікаў пасла Расіі
28.11.2018 / 13:03
Sander Ilvest
МЗС Эстоніі ў сувязі з прымяненнем ваеннай сілы Расіі супраць украінскіх вайскоўцаў і караблёў ВМС у Керчанскім праліве выклікала пасла Расіі ў Эстоніі Аляксандра Пятрова, піша Postimees.
Кіраўнік МЗС Свен Міксер адразу ж пасля гэтых падзей асудзіў напад Расіі ў Керчанскім праліве, падкрэсліла міністэрства ў прэс-рэлізе. «Гэта наўмысная эскалацыя напружання, грубае парушэнне міжнароднага права і агрэсія супраць суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны з боку Расіі», - заявіў кіраўнік МЗС.
На сустрэчы з паслом МЗС Эстоніі заклікала Расію неадкладна вызваліць караблі і членаў іх каманд. У МЗС таксама падкрэслілі, што Расія павінна гарантаваць свабоду навігацыі судам Украіны і іншых краін у Керчанскім праліве і Азоўскім моры ў адпаведнасці з міжнародным правам.