Як беларусу з’ездзіць у Вялікабрытанію, казачна павандраваць і не збанкрутаваць

«Ландан із зэ кэпітал оф Грэйт Брытан» — ведае кожны, хто вучыў англійскую мову. Школьнікі расказваюць на ўроках тэмы пра Біг Бэн і Букінгемскі палац, запамінаюць біяграфію каралевы Лізаветы ІІ, але мала хто атрымлівае магчымасць пабачыць брытанскія славутыя мясціны на свае вочы.

12.12.2018 / 18:31

Калі паездкамі ў Барселону ці Парыж ужо нікога не здзівіш, то Лондан для большасці беларусаў усё яшчэ экзотыка. Але насамрэч патрапіць на самы вялікі востраў Еўропы не так дорага і складана.

«Наша Ніва» разам з англійскай гарбатай Ahmad Tea склала кароткую інструкцыю, каб вас туды завабіць.

Традыцыйныя для Вялікабрытаніі чырвоныя тэлефонныя будкі.

Віза

Гэта галоўная перашкода і, бадай, галоўны страх для турыстаў. Хоць у рэальнасці больш за 90% беларусаў, якія падаюць дакументы на візу, атрымліваюць яе. Трэба пастарацца, каб табе адмовілі!

Тры мінусы

Тры плюсы

Лондан.

Як дабрацца танна

Арыгінальныя варыянты накшталт даезду на аўтобусе пад Ла-Маншам пакінем толькі тым, хто панічна баіцца пералётаў.

Усё ж асноўны спосаб трапіць на востраў — самалёт. Квіткі з Мінска ў Лондан па акцыі «Белавія» (а яна праходзіць проста зараз) каштуюць 34 еўра ў той бок і 61 еўра ў адваротны. Калі купляць іх па стандартнай цане, то давядзецца заплаціць 135 еўра і 165 еўра адпаведна — прыемнага мала.

«Белавія» лятае яшчэ і ў Манчэсцер, праўда, цэны яшчэ вышэйшыя.

Але гэта не бяда, бо з балтыйскіх і польскіх гарадоў у Брытанію лятае безліч самалётаў Ryanair і Wizzair. Шмат літоўцаў і палякаў працуюць на востраве, таму гэты накірунак карыстаецца попытам.

З Вільні можна паляцець у Бірмінгем, Лідс, Ліверпуль, у два аэрапорты каля Лондана, а таксама Шэфілд і ірландскі Белфаст.

З Коўна ёсць рэйсы ў Брысталь і шатландскі Эдынбург, з Варшавы — у прыблізна 15 (!) аэрапортаў Вялікабрытаніі. У Лондан можна дабрацца простым рэйсам нават з Любліна, ад якога з Брэста — рукой падаць.

Самае неверагоднае — гэта цэны на такія рэйсы.

Кошт трохгадзіннага пералёту з Коўна ў адзін з аэрапортаў каля Лондана — 7,99 еўра. Такіх квіткоў шмат нават на бліжэйшыя студзень і люты. Проста ўявіце — дабрацца з Мінска да Літвы даражэй, чым з Літвы да Вялікабрытаніі!

Набярэжная Брысталя.

Як перасоўвацца?

Калі для вас недастаткова пашпацыраваць па Лондане і паглядзець на Вэстмінстэрскае абацтва і Брытанскі музей, рушце далей. Іншыя рэгіёны Англіі, Шатландыя, Уэльс, Паўночная Ірландыя, нават астравы Мэн, Гернсі і Джэрсі — паўсюль ёсць свая разынка!

Пры падарожжы на далёкія адлегласці варта прыцаніцца да тых жа танных авіяперавозчыкаў. Пералёт з Лондана ў Белфаст — 9 еўра, пасля з Белфаста ў Манчэсцер — тыя ж 9 еўра.

Але колькі той Вялікабрытаніі? Па плошчы краіна амаль як Беларусь. А калі раптам адваліцца Шатландыя, то застанецца яшчэ менш. Таму можна смела падарожнічаць па зямлі.

Праўда, чыгунка ў Брытаніі даволі дарагая. Падарожжа з англійскай сталіцы ў найбуйнейшы шатландскі горад Глазга будзе стандартна каштаваць 115 еўра за 4,5 гадзіны дарогі.

Калі ж ехаць аўтобусам, то за такую самую вандроўку заплаціце 15 еўра за 8 гадзін дарогі. Затое ашчадзіце на начоўцы!

Перавага аўтобусаў у тым, што на рынку змагаюцца два буйныя гульцы — стары і салідны National Express супраць маладога і дзёрзкага Megabus. Ад гэтай канкурэнцыі ў плюсе застаюцца пасажыры. Часам можна ўхапіць квіток на далёкі пераезд і за 1-2 еўра.

Што паесці?

Пачнём са сняданку. Ён тут такі вялікі, што спрасонку і не адолееш. Смажаны бекон — абавязкова, смажаныя яйкі — абавязкова, смажаны хлеб — абавязкова. Ну і па жаданні смажаныя грыбы і смажаныя памідоры. Ёсць яшчэ аўсяная каша, але яна, натуральна, не смажаная, таму трохі псуе гармонію. Вы ўсё ж у Англіі, таму запіваць усё гэта варта гарбатай. Агульны кошт — 7-8 еўра.

Звычайны англійскі сняданак.

Падчас абедзеннага перапынку офісныя работнікі выбягаюць, каб набыць фіш-энд-чыпс. Самая папулярная ежа — бульба фры, нарэзаная даволі вялікімі кавалкамі, і рыба, абсмажаная ў паніроўцы. Яе робяць пакістанцы ў вулічных забягалаўках, яе ж можна знайсці і ва ўтульных сямейных рэстаранах. Порцыя на дарослага звычайна каштуе каля 10 еўра.

Фіш-энд-чыпс.

Пакаштаваць страву трэба хоць аднойчы — іначай каму вы дакажаце, што былі ў Англіі? Але ці захочацца вам так харчавацца штодзень, вялікае пытанне. Фастфуд — ён і ў Англіі фастфуд.

У Лондане, сталіцы колішняй імперыі, жыве 9 мільёнаў чалавек. Гэта надзвычай шматнацыянальны горад. Паводле апошніх дакладных даследаванняў, толькі 45% насельніцтва — брытанцы. Ёсць яшчэ амаль 20% азіятаў, каля 15% афрыканцаў і карыбцаў, каля 12% іншых еўрапейцаў, сярод якіх асабліва шмат палякаў. Натуральна, кожная этнічная група мае свае кафэ і рэстараны. Калі надакучыць брытанская кухня, пакаштуйце больш экзатычную ежу.

У самым цэнтры Лондана ёсць даволі вялікі Чайнатаун. Тут шмат дробных кітайскіх рэстаранчыкаў-буфетаў, якія працуюць па прынцыпе шведскага стала. Уваход каштуе каля 8 еўра — і можна есці ад пуза. Канечне, не кожную страву асцярожны беларус пакладзе ў рот. Але можна падглядаць за іншымі еўрапейцамі. На што налягаюць яны, бярыце і вы.

Калі хочацца сэканоміць яшчэ больш, ідзіце ў бліжэйшы супермаркет «Тэска», іх па ўсім Лондане раскідана многа. Тут ёсць вітрыны з цёплай ежай.

Так выглядаюць вітрыны з цёплай ежай. Фота groceryinsight.com.

Напрыклад, пакет з некалькімі курынымі нагамі будзе каштаваць 2-3 еўра, а пад вечар на яго абавязкова яшчэ і скінуць цану ўдвая. З гэтым здабыткам можна рушыць на лаўку ў суседні сквер.

Традыцыі трэба шанаваць, таму ў абавязковай праграме застаецца паход на гарбату а 5-й вечара. У гэтай справе галоўнае не хуценька выпіць і пабегчы далей па сваіх справах, а правесці час з сябрамі.

Кажуць, што гэту звычку брытанцам прышчапілі прымусова — ў сярэдзіне 19 стагоддзя востра паўстала праблема з залішняй любоўю насельніцтва да алкаголю, і тады ўлада вырашыла перацягнуць увагу грамадства да гарбаты. І — на дзіва — спрацавала!

Фота Волі Афіцэравай.

Што паглядзець?

Лондан — самы папулярны ў турыстаў горад планеты. Штогод сюды прыязджаюць каля 20 мільёнаў падарожнікаў!

Пяць месцаў, якія нельга не наведаць ці хаця б не ўбачыць у Лондане

1. Вэстмінстэрскі палац з Біг Бэнам

Той самы, з падручнікаў англійскай мовы! Гэта будынак парламента, таму зайсці ў яго проста так нельга. Варта запісвацца на экскурсію і плаціць за гэта больш за 20 еўра.

Біг Бэн — самая знакамітая вежа Лондана — пакуль на рамонце, але не адмяняць жа праз гэта паездку?

2. Таўэрскі мост і Таўэр

Мост над Цемзай — яшчэ адзін сімвал Брытаніі. Цяпер ён разводзіцца толькі некалькі разоў на тыдзень, выпадковаму турысту можа і не пашанцаваць убачыць гэта відовішча.

Побач знаходзіцца Таўэр — некалі грозная турма, непрыступная крэпасць і каралеўская рэзідэнцыя, а цяпер турыстычны аб’ект. Уваход каштуе каля 25 еўра.

3. Брытанскі музей і (ці) Лонданская нацыянальная галерэя

Брытанскі музей.

Нават тыя, хто не надта любіць хадзіць па музеях, мусяць зазірнуць сюды. Як мінімум таму, што ў абодва месцы бясплатны ўваход. Як вынік, у сусветным рэйтынгу папулярнасці музеяў лонданскія аб’екты займаюць другое і трэцяе месца, саступаючы толькі парыжскаму Луўру.

4. Букінгемскі палац

Афіцыйная рэзідэнцыя Лізаветы ІІ адкрытая для наведванняў толькі ў жніўні і верасні, астатні час турысты любуюцца будынкам здалёк і назіраюць змену ганаровай варты.

5. Плошча Пікадзілі

Гэта папулярнае месца для сустрэч. На плошчу варта прыходзіць увечары, калі неонавыя шыльды крамаў пачынаюць літаральна біць у вочы. Рэклама тут з’явілася яшчэ ў пачатку 20 стагоддзя і пачала распаўзацца па ўсім свеце.

Вялікабрытанія — разнастайная. У кожным рэгіёне свая спецыфіка і папулярныя турыстычныя аб’екты. Не забывайцеся, што ў Англіі яшчэ ёсць Манчэсцер, Ліверпуль, Бірмінгем… Але не абмінайце і іншыя часткі краіны.

Шатландыя

1. Замак і каралеўская міля Эдынбурга

Эдынбургскі замак.

Сталіца Шатландыі — Глазга, але калі ў вас няшмат часу, едзьце ў фантастычна прыгожы старажытны Эдынбург. Адразу папярэдзім, зрабіць прыгожае сэлфі складана — моцны вецер будзе здзімаць вас з месца ўвесь год.

Ад Эдынбургскага замка (уваходны квіток — каля 20 еўра), крэпасці 12 стагоддзя, якая яшчэ памятае незалежную Шатландыю, ідзе прамая дарога да Халірудскага палаца, рэзідэнцыі брытанскіх манархаў.

2. Возера Лах-Нэс

Возера карыстаецца папулярнасцю за кошт легенды пра мясцовую пачвару. Ці ёсць сэнс катацца на чоўне і чакаць міфічную істоту, кожны вырашае сам. Многія абіраюць іншы варыянт — пашпацыраваць па суседнім старажытным горадзе Інвернэсе.

Паўночная Ірландыя

Белфаст — месца няспыннага змагання ірландцаў-каталікоў і брытанцаў-пратэстантаў. Горад дагэтуль падзелены бетоннай сцяной. Для мясцовых жыхароў гэта боль і памяць пра сяброў, якія загінулі ў канфлікце 1960-1990-х. Для турыстаў — унікальнае гарадское асяроддзе.

1. Палітычныя графіці

Кожны з бакоў самавыяўляўся на сценах сваіх раёнаў. Блукаць па вуліцах і разглядваць палітычны стрыт-арт можна гадзінамі. Прычым малююць не толькі сваіх герояў, але і ўдзельнікаў падобных канфліктаў у свеце, напрыклад, баскаў ці палесцінцаў.

2. Музей Тытаніка

Легендарны карабель будавалі менавіта ў Белфасце. У 2012 годзе на беразе адкрылі музей «Тытаніка». Уваход каштуе 17 еўра, але не пашкадуйце грошай. Музей настолькі інтэрактыўны, што захапляе і дарослых, і дзяцей.

Уэльс

Уэльс — самы бедны па колькасці турыстычных мясцінаў сярод іншых буйных частак Вялікабрытаніі. Але валійцам таксама ёсць чым пахваліцца. У некаторых гарадах захаваліся сярэднявечныя замкі — у сталіцы Кардыфе, у Кайрфілі, у Карнарвоне.

Але не меншай папулярнасцю карыстаюцца нацыянальныя паркі — Снаўдонія, Пембрукшыр-Кост і Брэкон-Біконс. На грамадскім транспарце тут перасоўвацца нязручна, таму бярыце ў пракат машыну, толькі не забывайце пра левабаковы рух.

Востраў Мэн

Гэты востраў паміж Ірландыяй і Шатландыяй вабіць фанатаў чыгункі — тут засталася ўнікальная вузкакалейка некалькіх тыпаў. Ёсць і конка, і нават горная чыгунка.

Таксама тут праводзяцца заезды гоначных машын, бо на дарогах паміж гарадамі няма абмежавання хуткасці.

Яшчэ на Мэне вывелі ўнікальную пароду котак без хваста.

Дарэчы, востраву не давядзецца выходзіць з Еўрасаюза — ён туды і не ўступаў.

Тут знаходзіцца самы старажытны парламент свету, які дзейнічае няспынна. Першыя дэпутаты засядалі на Мэне якраз у часы нашага Рагвалода.

Побытавыя асаблівасці

Брытанская імперыя доўгі час была самай магутнай дзяржавай у свеце, якая магла дыктаваць астатнім свае ўмовы і правілы гульні. Англічане прыдумлялі стандарты, не зважаючы на меркаванне іншых. З цягам часу статус імперыі знік, а вось адрозненні засталіся.

Гэты матэрыял мы падрыхтавалі разам з Ahmad Tea — паважайма англійскія традыцыі!

Фота Волі Афіцэравай.

Браніслаў Юрэвіч, фота Shutterstock