Макей пракаментаваў сітуацыю вакол Керчанскага праліва

29.11.2018 / 14:02

Міністр замежных спраў Уладзімір Макей у гутарцы з журналістамі выказаў пазіцыю Беларусі наконт сітуацыі, якая склалася вакол падзей у Керчанскім праліве, піша БелТА.

Па словах міністра, тое, што зараз адбываецца ў раёне Керчанскага праліва, пацвярджае актуальнасць і рэалістычнасць тых папярэджанняў, якія неаднаразова выказваў Аляксандр Лукашэнка. «Адносна таго, што мы паступова спаўзаем да прорвы вялікага канфлікту. Апошні раз пра гэта казалася на сустрэчы Асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, — сказаў ён. — Як мы ўспрымаем гэта? Мы знаходзімся зусім побач. І мы і апасродкавана, і непасрэдна адчуваем на сабе наступствы гэтай канфрантацыі».

«Мы, вядома, хацелі б, каб не было зроблена ніякіх крокаў, якія прывялі б да далейшага росту напружанасці ў нашым рэгіёне. Бо гэта здольна аказаць уплыў не толькі на рэгіянальную, але і на міжнародную бяспеку ў цэлым. Мы перакананыя, што бакі канфлікту разумеюць сваю адказнасць за сітуацыю ў рэгіёне, за рэгіянальную бяспеку», — заявіў кіраўнік беларускага замежнапалітычнага ведамства.

Ён падкрэсліў, што таксама не хацелася б, каб і з боку знешніх гульцоў гучалі нейкія эмацыйныя заявы, якія ў канчатковым выніку прывядуць толькі да далейшага росту напружанасці.

«Мы заўсёды казалі пра тое, і гэта неаднаразова падкрэсліваў кіраўнік беларускай дзяржавы, што Беларусь гатова ўнесці свой уклад, калі гэта будзе прымальна адпаведным палітычным гульцам, ва ўрэгуляванне сітуацыі і разрадкі той напружанасці, якая сёння, на жаль, прысутнічае ў нашым рэгіёне», — сказаў Уладзімір Макей.

«Мы адсочвалі заявы, якія былі зробленыя і адным, і другім бокам. Але прамых кантактаў не было. Вядома, нам важна было б атрымаць і ад аднаго, і ад другога боку аб'ектыўную інфармацыю для таго, каб мець свой рэальны аналіз сітуацыі, звязанай з гэтым інцыдэнтам», — дадаў міністр.