Леанід Зайдэс патрабуе 8000 рублёў ад «Новага часу» і Дзяніса Івашына
07.12.2018 / 15:09
Адзін з сузаснавальнікаў рэстарана «Паедзем паядзім» Леанід Зайдэс, які падаў у суд на газету «Новы час», у сваім пазове патрабуе выплаціць яму маральную кампенсацыю ў памеры 8 тысяч рублёў. Пра гэта TUT.BY распавяла галоўны рэдактар газеты Аксана Колб.
СМС з суду Савецкага раёна Аксана Колб, нагадаем, атрымала 5 снежня. У паведамленні сказана, што газету 17 снежня выклікаюць у «суд у якасці адказчыка па пазову Зайдэса Л.Л. па абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі, спагнанні кампенсацыі маральнай шкоды».
7 сьнежня рэдакцыя атрымала па пошце пазоў. У ім сказана, што Леанід Зайдэс патрабуе суд спагнаць з рэдакцыі 5 тысяч рублёў, а непасрэдна з Дзяніса Івашына, аўтара артыкулаў, якія, як лічыць бізнэсмен, яго абразілі, - 3 тысячы рублёў.
У пазове таксама сказана, што матэрыялы, апублікаваныя ў газеце, прычынілі пазоўніку «маральныя пакуты, якія выявіліся ў моцных душэўных перажываннях з нагоды магчымасці падрыву яго рэпутацыі ў грамадстве і дзелавым асяроддзі, дыскрэдытацыі ў вачах існуючых і патэнцыяльных контрагентаў, кліентаў, партнёраў па бізнесе».
- У пазове гаворка ідзе фактычна аб двух момантах у нашых матэрыялах: адзін - гэта дзе мы пішам, што рэстаран «Паедзем паядзім» пабудаваны незаконна, другі - пра тое, што ва Украіне на Зайдэса была заведзена крымінальная справа. І з тым, і з другім ён не згодны і патрабуе напісаць абвяржэнне, - распавяла Аксана Колб.