Колькі жэтонаў метро ў тэрміналах самаабслугоўвання?

Наколькі запатрабаваныя тэрміналы самаабслугоўвання па продажы жэтонаў метро, даведваліся «Мінск-Навіны».

10.12.2018 / 11:50

Фота www.metropoliten.by

Аўтаматы па продажы жэтонаў працуюць на дзвюх станцыях мінскай падземкі. На станцыі метро «Плошча Леніна» (уваход з боку чыгуначнага вакзала) першы такі тэрмінал быў устаноўлены ў чэрвені 2017 года, на станцыі метро «Няміга» — праз паўгода. Па словах начальніка службы руху «Мінскі метрапалітэн», штодня пасажыры набываюць у кожным тэрмінале ў сярэднім прыкладна 250 жэтонаў. Змяшчае такі аўтамат 5 000 штук. Дарэчы, па дадзеных на пачатак лістапада 2018 г., 37% пасажыраў мінскага метро аплачвалі праезд жэтонамі.

— Мы ставілі гэтыя тэрміналы яшчэ да таго, як для аплаты праезду ў метро сталі шырока выкарыстоўвацца бескантактавыя банкаўскія карты, — адзначае начальнік службы руху ГП «Мінскі метрапалітэн» Ігар Дадалка. — У іх уладальнікаў няма неабходнасці звяртацца па жэтоны ў касы або набываць іх у аўтаматах. Але па-ранейшаму застаецца нямала людзей, якія купляюць жэтоны і праязныя ў касах. Ставіць дадатковыя тэрміналы мы не плануем, але тыя, што ёсць, застануцца для зручнасці пасажыраў, якія не карыстаюцца банкаўскімі картамі.

Па словах І. Дадалкі, размяшчэнне аўтаматаў менавіта на гэтых станцыях было абгрунтавана. У вестыбюлі м. «Плошча Леніна» з боку вакзалу працуюць чатыры касы. Часам, калі паток людзей з электрычак накіроўваецца ў падземку, па жэтоны і праязныя выстройваюцца чэргі. У такіх выпадках аўтамат дапамагае. А на «Нямізе» тэрміналам часцей карыстаюцца падчас культурна-масавых мерапрыемстваў.

У аўтаматах жэтоны можна купіць за наяўныя грошы — як за банкноты наміналам 5, 10, 20 рублёў, так і за манеты наміналам 5, 10, 20, 50 капеек і 1, 2 рублі. Праўда, рэшты апарат не выдае, як і іншыя тэрміналы самаабслугоўвання, якія працуюць у Мінску. Для таго каб набыць жэтоны, трэба ўнесці суму, кратную кошту жэтона. Інструкцыя па карыстанні тэрміналам размешчана на панэлі.