«Следчага затрымалі за сэксуальную сувязь з непаўналетнім». Алег Гайдукевіч расказаў пра геяў у міліцыі
11.12.2018 / 10:20
Алег Гайдукевіч. Фота Волі Афіцэравай.
Намеснік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі, былы кіраўнік міліцыі Фрунзенскага раёна Мінска Алег Гайдукевіч расказаў у праграме «Ток» пра стаўленне да геяў, а таксама выказаўся наконт скандальнай заявы «яны не пройдуць!»
— Ці ёсць у міліцыі геі?
— Ёсць, вядома.
Калі я прыйшоў працаваць у Фрунзенскі раён, у нас была ў адным са следчых падраздзяленняў справа, дзе следчага затрымалі нават за сувязь з непаўналетнім. Ён быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці.
Міліцыя — такая ж частка грамадства, як і мы з вамі. Мы гаворым пра міліцыю, пра спецслужбы, як быццам там іншапланетнікі працуюць, касманаўты. «Яны прылятаюць з іншай планеты і ўладкоўваюцца ў міліцыю працаваць». Там працуюць такія ж людзі, як і мы з вамі, якія выбралі гэтую прафесію. Там ёсць усё. Як вось, напрыклад, ёсць добры журналіст, а ёсць дрэнны журналіст. Ёсць добры рабочы на заводзе, а ёсць злодзей і нягоднік. Ёсць добры міліцыянт, а ёсць мярзотнік. Гэта такое ж грамадства, як і любое іншае.
— А гей — гэта «мярзотнік»?
— Гей не мярзотнік. Які гей мярзотнік? Гэта я прывёў прыклад, калі ёсць непаўналетні, калі ёсць педафілія, калі ёсць парушэнне крымінальнага заканадаўства.
У маёй практыцы я не сустракаў, каб гей у мяне дзесьці афіцэрам быў. Не бачыў я.
— А калі б да вас на працу прыйшоў уладкоўвацца афіцэр і вы ведалі, што ён гей. Не было б гэта перашкодай прыняць яго на работу?
— А ў нас няма ў заканадаўстве такой дыскрымінацыі. Я лічу…
— У заканадаўстве няма. Мяне цікавіць па факце.
— Калі чалавек гэта не прапагандуе, не выпінае гэта і не крычыць пра гэта на кожным рагу, таму што, на мой погляд, асабістая справа кожнага, з кім ён спіць, дзе ён спіць, куды ён ходзіць. Калі гэта не парушае заканадаўства, не шкодзіць асяроддзю, то гэта асабістая справа, якая мне да таго справа. Я думаю, што нармальны чалавек не будзе прыходзіць і крычаць пра гэта на кожным рагу. Я ж не прыходжу на працу ўладкоўвацца: «Вы ведаеце, я люблю толькі бландынак. Ці толькі брунетак. Ці мне падабаюцца жанчыны, якія маюць руды колер валасоў і ў іх абавязкова павінна быць вось такая даўжыня спадніцы».
Калі чалавек, уладкоўваючыся на працу, пра гэта мне кажа — навошта? Я не магу зразумець. Для чаго? Сэксуальнае жыццё — гэта асабістая справа кожнага.
— А навошта міністэрства выступае з заявай «яны не пройдуць»?
— Я быў супраць гэтай заявы. Я вам скажу адразу: я не разумею гэтай заявы. Для чаго яна была зроблена.
— Я думаю гэта сведчыць пра высокі ўзровень гамафобіі ў цэнтральным апараце МУС.
— Яны выказаліся за сямейныя каштоўнасці, я з гэтым згодны.
Але мая пазіцыя, што чым больш мы пра гэта гаворым, чым больш заяў робім, тым больш, наадварот, падымаюць тыя пытанні, якія падымаць у нас у краіне не трэба, таму што праблемы ў нас няма.
У нас няма прапаганды вось гэтых пытанняў па тэлебачанні. Я іх не бачу.
Я супраць прапаганды на дзяржаўным узроўні. Я супраць прапаганды, калі канкрэтна казаць.
— А ў грамадстве вы ўвогуле бачыце гей-прапаганду?
— Не. Я яе не бачу, прапаганды гэтай.