Стала вядома, хто напісаў на нарадзе ў Лукашэнкі перл пра бабло і цёлак
18.12.2018 / 22:46
Аляксандр Лукашэнка правёў нараду аб развіцці летніх відаў спорту.
Камера тэлеканала АНТ паказала буйным планам, што пісаў адзін са спартыўных функцыянераў падчас пасяджэння: «Бабла мала, няма мерседэсаў, цёлкі на задне…»
Чытайце таксама: «Бабла мала, няма мерседэсаў, цёлкі на задне…» Відэааператар выпадкова зняў, што пішуць чыноўнікі падчас нарады ў Лукашэнкі
Мяркуючы па відэазапісах іншых тэлеканалаў, пісаў гэта Уладзімір Дражын, былы віцэ-прэм'ер, былы пасол Беларусі ў Літве. Цяпер ён узначальвае федэрацыю гольфа.
«Наша Ніва» патэлефанавала Дражыну і папрасіла пракаментаваць гэтыя запісы, а таксама ўдакладніла, як сканчваецца яго недапісаны ў кадры тэкст.
Дражын пацвердзіў, што быў на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы.
«Я быў на нарадзе, і мы абмяркоўвалі вельмі важныя пытанні, якія цікавяць сёння і нашае грамадства, і спартоўцаў, і трэнераў, і гэтак далей. Таму на нейкія пытанні, якія вы мне ставіце, я сёння не адказваю, таму што галоўны складнік — стваральны працэс, які мы павінны забяспечыць», — сказаў Дражын.
«Давайце мы разам з вамі будзем гэтую лінію працягваць. А на гэтыя пытанні я сёння не рэагую, таму я вам жадаю поспехаў, усяго харошага»,
— завяршыў размову спартыўны функцыянер.
***
фота obzor.lt
Уладзімір Дражын
Нарадзіўся ў 1947 у вёсцы Дражна Старадарожскага раёна. Дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання.
Быў старшынёй Нясвіжскага райвыканкама ў 1990—1998 годах, у 1998-2001 — намеснік, пасля першы намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама.
У 2001—2005 — віцэ-прэм'ер па сацыяльных пытаннях. У 2006—2013 пасол Беларусі ў Літве.