КДБ: Кіраўнік аднаго з раёнаў Мінска, што ўзначальвае антыкарупцыйную камісію, нахабна штотыдзень бясплатна атрымлівае прадукты

21.12.2018 / 09:11

kp.by

Кіраўнік аднаго з раёнаў Мінска, які ўзначальвае антыкарупцыйную камісію, штотыдзень бясплатна атрымліваў прадукты з сеткавай крамы, заявіў старшыня КДБ на нарадзе Лукашэнкі з актывам сталіцы 20 снежня. У рэгулярнай пайцы было нават марожанае, паведаміў кіраўнік ведамства ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1», піша Tut.by

Валерый Вакульчык сказаў, што сталіца ў пытанні карупцыі з'яўляецца адным з самых праблемных рэгіёнаў. Паводле яго слоў, у Мінску карупцыйныя праявы выяўлены па ўсіх сферах, узроўнях і напрамках: ад кіраўніцтва Мінгарвыканкама і прамысловых гігантаў да раённых паліклінік і школьных сталовых.

— Адзін з дзейных кіраўнікоў раённай адміністрацыі, дарэчы, які ўзначальвае тэрытарыяльную антыкарупцыйную камісію, нахабны да такой ступені, што кожны тыдзень па чацвяргах бясплатна атрымлівае прадуктовы набор з адной з сеткавых крамаў. Як быццам жыве ў галодныя часы дэфіцыту. Сорамна казаць, але звычайныя рыба, курыца, алей, пельмені і нават марозіва — гэта набор штотыднёвага пайка чыноўніка. Прычым заказы паступаюць не толькі ад яго і яго жонкі, але і ад іх сваякоў.

Вакульчык таксама спыніўся і на справе былога кіраўніцтва Галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку.

— Маючы немаленькія заробкі, некаторыя службовыя асобы апускаюцца да адкрытага ірвацтва. Тыя ж кіраўнікі галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку рэгулярна наведваліся ў сталічны ЦУМ па тавары, не плацячы за іх, і арганізоўвалі банкеты ў мінскіх рэстаранах за кошт падпарадкаваных прадпрыемстваў.

На чацвярговай нарадзе Аляксандр Лукашэнка сказаў чыноўнікам з Мінгарвыканкама, што карупцыя недапушчальная і адказнасць за карупцыйныя злачынствы будзе ўзмоцнена.

— Не бывае такога выпадку, каб вы здзейснілі карупцыйны ўчынак або правіну і пра гэта мне не стала вядома. Ніколі такога не было. Калі мне дакладваюць пра падобныя рэчы, патрабаванне адно — на месцы злачынства. Не праблема. Генералы мне кажуць: «Не праблема, Аляксандр Рыгоравіч». Я думаю — няўжо. І ні разу, дзе яны сказалі «не праблема», — з відэа, якое даказвае злачынства, аўдыя на стол… Толькі тады з майго ведама прымаюцца рашэнні, нават па тых, хто не ўваходзіць у кадравы рэестр, — распавёў кіраўнік дзяржавы.