Іван Хруцкі: драма за салодкімі нацюрмортамі. Як імперыя ламала аднаго з самых пазнавальных беларускіх мастакоў

Расказвае доктар гісторыі Алесь Белы.

07.01.2019 / 18:58

Партрэт невядомай з кветкамі і садавіной. 1838 год. Захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

«Партрэт невядомай з кветкамі і садавіной» Івана Хруцкага (1810—1884) на невялічкім кавалку Мінска можна бачыць прынамсі тройчы: уласна арыгінал у Нацыянальным мастацкім музеі, рэпрадукцыю на сцяне нядаўна абноўленай кандытарскай «Лакамка» каля ГУМа — флагманскай крамы фабрыкі «Камунарка», і, нарэшце, мурал стрыт-­артыста Міці Післяка на сцяне дома па вуліцы Карла Маркса, 25. Тую самую карціну можна ўбачыць на паштовай марцы СССР 1983 года, а яе фрагменты — на рэверсе срэбранай манеты вартасцю 20 рублёў, выпушчанай Нацбанкам у 2010­-м. Той жа нацюрморт упрыгожваў купюру вартасцю 1 000 рублёў, якая выйшла з абароту 2 гады таму ў сувязі з дэнамінацыяй.

З самага свайго стварэння стандартныя ды бесканфліктныя, як глянцавыя фоташпалеры, нацюрморты Хруцкага ўвасаблялі спакой, дабрабыт і стабільнасць. Але ці тое самае было ў душы мастака, калі ён іх маляваў?

Брэндавы мастак

На першы погляд, Хруцкі ў жыцці дасягнуў нечуванага поспеху. У 1836 годзе мастак скончыў пецярбургскую Акадэмію мастацтваў, і другая палова 1830-­х стала для яго па­-сапраўднаму зорнай часінай.

Што называецца, папаў у тэму: ягоныя нацюрморты цудоўна адпавядалі густам, сфарміраваным, з аднаго боку, жорсткай мікалаеўскай цэнзурай, а з другога — пашырэннем моды на імпартныя даброты. Кожны, хто імкнуўся не адстаць ад моды, жадаў мець у інтэр’еры нацюрморт ці хаця б пейзаж Хруцкага. Літаральна са студэнцкай лавы наш зямляк трапіў у «брэнды».

Памятная срэбная прамавугольная манета, выпушчаная ў 2010 годзе да 200-годдзя з дня нараджэння Івана Хруцкага.

За кароткі час Хруцкі набірае папулярнасць і збірае цэлую калекцыю ўзнагарод. У 1836­-м ён уганараваны за нацюрморты вялікім срэбраным медалём. У 1837­-м імператар Мікалай I, які лічыў сябе знаўцам жывапісу, падарыў мастаку гадзіннік на залатым ланцужку «як заахвочванне да далейшай працы» за карціны, «якія паказваюць дзяцей, што гандлююць садавіной». Гэта, безумоўна, рэзка падняло каціроўкі ўдачлівага мастака. У наступным годзе адразу дзве ягоныя работы былі ўганараваныя малым залатым медалём на гадавым сходзе Акадэміі мастацтваў: нацюрморт «Кветкі і плады» і «Пажылая жанчына, якая вяжа шкарпэтку» — мабыць, сапраўды адзін з найбольш таленавітых яго партрэтаў.

Фрагмент «Партрэта невядомай з кветкамі і садавіной» на ранейшых беларускіх грошах.

Ну а вяршыня славы — званне акадэміка жывапісу, прысвоенае 29-­гадоваму (!) майстру «за выдатныя работы ў партрэце, пейзажы і асабліва жывапісе пладоў і гародніны».

Мабыць, Хруцкаму ў гэты момант варта было б завесці цэлую фабрыку капіістаў, каб задаволіць невычэрпны, як здавалася, попыт на нацюрморты і пейзажы, кантраляваць чаляднікаў­«неграў», а асабіста пісаць толькі партрэты, якія таксама карысталіся вялікай папулярнасцю.

Замаўляла іх публіка нябедная, уплывовая — узроўню міністраў, сенатараў, акадэмікаў, губернатараў…

Дарэчы, настаўнікам Хруцкага ў гэтым жанры быў славуты англійскі мастак Джордж Доў, аўтар серыі партрэтаў герояў вайны 1812 года.

Рэпрадукцыя «Партрэта невядомай з кветкамі і садавіной» Хруцкага ў «Лакамцы» на мінскім праспекце Незалежнасці.

Сучасная мастацкая крытыка не ўгледзела б у большасці яго работ асаблівай арыгінальнасці і выбітнага майстэрства. Але ў гэтыя кароткія 4—5 гадоў ён вельмі добра адчуў тое, чаго прагне публіка, і старанна «штампаваў» усё новыя і новыя нацюрморты, на якія выстраілася доўгая чарга з заказчыкаў. Працы Хруцкага давалі сталічнай публіцы хісткае адчуванне поспеху і бяспекі.

Паміж сям’ёй і дзяржавай

Аднак на душы мастака ў гэтыя гады наўрад ці было так спакойна, як на яго палотнах.

Пакуль ён вучыўся ў сталіцы імперыі (1827—1836), на радзіме жыццё рабілася ўсё цяжэйшым. Спачатку няўдалае паўстанне 1831 года. Потым закрыццё Віленскага ўніверсітэта, падрыхтоўка да ліквідацыі царкоўнай уніі…

Бацька мастака, Тамаш Хруцкі, уніяцкі святар з Лепельскага павета, быў адным з лідараў стыхійнага і безнадзейнага руху за захаванне уніі.

За гэта ў 1836 годзе яго саслалі ў манастыр і вызвалілі, толькі калі змаглі выціснуць пакаянне. Аднак у 1838 годзе подпіс Тамаша Хруцкага фігуруе пад лістом­-пратэстам 111-­ці святароў Беларускай епархіі, якія чарговы раз выказваюць вернасць уніі. Не толькі канфесіі, але і фактычна цывілізацыйнай арыентацыі. Збор святароў і прыхаджан у Царкаўлянах Дрысенскага павета, на якім і падпісалі ліст, стаў найбольш значнай акцыяй пратэсту ўніятаў.

Мурал (малюнак на сцяне будынка) у двары дома па Маркса, 25, у Мінску.

Іван Хруцкі быў пастаўлены лёсам у цэнтр гэтай грамадскай драмы. У тым самым 1838 годзе ён напісаў два партрэты найвышэйшых іерархаў Уніяцкай царквы. Стары мітрапаліт Язафат Булгак — пабожны, добразычлівы, але і прынцыповы чалавек, які адстойваў інтарэсы сваёй канфесіі дыпламатычна, але цвёрда. І намеснік, які дыхае старому ў патыліцу, — малады кар’ерыст, мэтанакіраваны, разумны і жорсткі Іосіф Сямашка. Сямашка ўжо таемна паабяцаў уладам ліквідаваць непажаданае веравызнанне «знутры» і метадычна дамагаецца сваёй мэты.

Партрэт Ясафата Булгака. Захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

Драматычнае супрацьстаянне паміж героямі гэтых двух партрэтаў заслугоўвае добрага дэтэктыва. Хруцкі, як мала хто з мастакоў, разумеў увесь драматызм сітуацыі, таму і партрэты атрымаліся не шараговыя, поўныя схаванага сэнсу. Амаль адразу ж пасля пазіравання Булгак памірае, і Сямашка займае ягонае месца — дарога да ліквідацыі уніі адкрытая.

Партрэт Іосіфа Сямашкі. Крыніца: delaemvmeste.by

Ціхая вернасць сабе

У Полацку, дзе мастак правёў школьныя гады, на саборы Уніяцкай царквы 24 лютага 1839 года мітрапаліт Сямашка дамагаецца ліквідацыі уніі і пераходу ўніятаў ва ўлонне Праваслаўнай царквы. Бацька мастака, не вытрымаўшы гаротнай весткі, памірае. У сакавіку 1840 года Іван Хруцкі едзе на радзіму ўладжваць справы сям’і, у якой становіцца старэйшым.

Трэба падумаць, куды прыстроіць малодшых братоў (яны пойдуць па яго слядах, паступяць у Акадэмію мастацтваў), дзе пасяліцца асірацелай сям’і, дый пра жаніцьбу пара падумаць. Піша ён у гэтыя гады не вельмі шмат, больш партрэты і значна радзей нацюрморты.

У 1844 годзе мастак купляе маёнтак Захарнічы недалёка ад Полацка, на маляўнічым возеры, і будуе там класічны сядзібны дом. Вымушаную змену веравызнання мастак прыняў знешне спакойна: пратэставаць было бессэнсоўна. Але сімпатыі, выхаваныя бацькам, не пакідаюць яго і праяўляюцца самым розным чынам.

Па-­першае, 35-­гадовы Хруцкі жэніцца з 23­-гадовай суседкай-каталічкай Ганнай Адравуж-­Бубноўскай, дачкой афіцэра яшчэ касцюшкаўскага войска. Дарэчы, з каталічкай пасля ажэніцца і ягоны сын Іосіф. Варта адзначыць, што пераход з праваслаўя ў каталіцызм у Расійскай імперыі быў забаронены і крымінальна караўся.

Па­-другое, Хруцкі цяпер піша і не зусім звыклыя для добранадзейнага расійскага мастака сюжэты: то абраз Святога Казіміра, нябеснага патрона Літвы, на замову правінцыйнага літоўскага касцёла, то ўжо без усякай замовы, проста для сябе — партрэт Адама Міцкевіча адразу пасля смерці паэта ад халеры ў далёкім Стамбуле.

Помста мітрапаліта

Мітрапаліт Сямашка, мусіць, не без садысцкіх матываў, у жніўні 1846-­га робіць Хруцкаму прапанову, ад якой немагчыма адмовіцца: запрашае ў Вільню аздабляць загарадную архірэйскую рэзідэнцыю і дамавую царкву пры ёй.

Рэзідэнцыяй стаў былы манастыр трынітарыяў у Трынапалі (цяпер Trinapolis на поўначы Вільні ў раёне Вяркі), зачынены пасля 1831 года, а царквой — барочны касцёл.

Ганарар, праўда, мітрапаліт прапануе не вельмі шчодры — тысячу рублёў срэбрам, але дае для жыцця сваю віленскую кватэру і забяспечвае стол. Праца зацягваецца, дробязны Сямашка патрабуе ўсё новых і новых бонусаў, прычым значная частка з іх — копіі класічных заходнееўрапейскіх карцін. Замоўца глыбока ўмешваецца і ў арыгінальныя сюжэты, старанна рэгламентуючы тэхнічныя параметры кожнай карціны: партрэтаў найбліжэйшых паплечнікаў Сямашкі, краявідаў Вільні і ваколіцаў…

Плады і свечка. Другая палова 1830-х. Захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

Нарэшце праца былі скончаная. 1000 рублёў за восем патрачаных гадоў аказваюцца мізэрнай платай. Але для Хруцкага галоўнае — магчымасць вярнуцца ў Захарнічы. Ён становіцца тут амаль пустэльнікам, ніяк не каментуе падзей асабістага і грамадскага жыцця, не даючы нагоды для даносаў і сачэння. Жыве сціпла, піша даволі мала, усё больш для сябе: інтэр’еры сядзібы, сямейныя партрэты…

Так мінае 30 гадоў. Адна з апошніх работ — напісаны ў 1884 годзе, за год да смерці, аўтапартрэт. Як і ў многіх партрэтах Хруцкага, тут ужыты прыём кантраснага асвятлення — найбольш асветленыя твар і правая, «працоўная», рука. У аўтапартрэце адчуваецца годнасць, пачуцце ўласнай значнасці і нейкая затоеная горыч… Ці ўсё рэалізавана, пра што марылася? Ці былі кампрамісы вартыя заплачанай за іх цаны?

Той самы аўтапартрэт. 1884 год.
Крыніца: wikimedia.commons

Памёр Іван Хруцкі 13 студзеня 1885 года, не дажыўшы два тыдні да 75-­годдзя. Жонка перажыла яго толькі на некалькі гадоў. Пасля рэвалюцыі нашчадкі паспелі ўцячы ў Польшчу, што ўратавала ім жыццё. Пры Саветах ім было б не выжыць. А маляўнічыя Захарнічы спачатку абрабавалі, а потым і разбурылі. Імперыя, хаця і ў мадыфікаванай форме, адпомсціла Хруцкім. 

Алесь Белы