Навуковая падзея: даследчыца абараніла дысертацыю па вусным маўленні жыхароў Хоцімскага раёна
Вышэйшая атэстацыйная камісія прысвоіла ступень кандыдата філалагічных навук Наталлі Яненка. Яе даследаванне вылучалася тэмай — «Варыянтнасць у гетэрагенным (змешаным) гарадскім маўленні».
28.12.2018 / 12:41
Наталля Яненка. Фота з асабістых архіваў.
Праца была выкананая ў БДУ, на беларускай мове. Навуковым кіраўніком стаў кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры гісторыі беларускай мовы БДУ Сяргей Запрудскі.
Пачынаючы з 2008 года Наталля цягам некалькі год запісвала вуснае маўленне членаў адной сям’і і іх сяброў — жыхароў Хоцімска, што ў Магілёўскай вобласці. Гэта былі звычайныя побытавыя размовы мясцовых жыхароў ад 12 да 69 год. Філолаг адмыслова не абірала ў якасці аб’ектаў даследавання тых, хто больш-менш чыста размаўляе ці па-беларуску, ці па-руску.
Яе цікавілі толькі тыя жыхары, якія карыстаюцца ў паўсядзённасці так званай трасянкай.
Спачатку жанчына рабіла гэта ў межах сумеснага нямецка-беларускага праекта «Трасянка» ў Беларусі: «змешаная разнавіднасць» як прадукт беларуска-рускага моўнага кантакту», а пасля працягнула даследаванне для кандыдацкай.
У выніку на руках даследчыцы аказалася каля 79 сямейных дыялогаў (305 хвілін чыстых запісаў, 8452 выказванні, або 34 044 словаформы), а таксама 18 — службовых (прадстаўнікі сферы медыцыны, адукацыі, будаўніцтва, гандлю), што пацягнула на 280 хвілін чыстых запісаў.
Упершыню ў беларусістыцы быў праведзены аналіз вуснага гарадскога гетэрагеннага маўлення білінгваў як самастойнага моўнага ўтварэння, заснаванага на мясцовай гаворцы.
Віншуем Наталлю з абаронай дысертацыі!