У навагоднюю ноч папулярны ўкраінскі комік абвесціў, што ідзе ў прэзідэнты ВІДЭА

01.01.2019 / 01:55

Шоўмэн Уладзімір Зяленскі вылучае сваю кандыдатуру на пасаду прэзідэнта Украіны.

Пра гэта ён абвясціў у эфіры тэлеканала 1+1, дзе паказваюць ягонае шоу і які належыць мільярдэру Каламойскаму.

«Цяпер, за некалькі хвілін да Новага года, я вам сёе-тое паабяцаю і адразу выканаю. Дарагія ўкраінцы, я абяцаю вам пайсці ў прэзідэнты і адразу выконваю. Я іду ў прэзідэнты Украіны. Давайце зробім гэта разам. З Новым годам, з новым слугой народа», — заявіў Зяленскі па-ўкраінску, хоць вядзе сваё тэлешоу па-расейску.

Тэлеканал «1+1» пусціў віншаванне Зяленскага з абвяшчэннем пра паход у прэзідэнты ў час, калі традыцыйна на тэлеканалах транслююць віншаванні ад прэзідэнта. Зварот кіраўніка дзяржавы Пятра Парашэнкі на канале пусцілі ўжо пасля паўночы.

Зяленскі прамаўляў задушэўным, добра пастаўленым голасам.

Некаторыя ва Украіне выказваюць непакой сувязямі Зяленскага з Каламойскім — алігархам з сумнеўнай рэпутацыяй.