У навагоднюю ноч туркменскія студэнты ў Мінску кідалі петарды ў міліцыянтаў
06.01.2019 / 11:39
3 студзеня ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце (БДЭУ) адбыўся сход з замежнымі студэнтамі ВНУ, на якім разбіраліся навагоднія інцыдэнты з удзелам студэнтаў з Туркменістану, перадае Белсат са спасылкай на «Альтэрнатыўныя навіны Туркменістану».
На сходзе дэкан па працы з замежнымі студэнтамі Наталля Скрыба сказала, што туркмены падзяліліся на дзве групы і ўступілі ў бойку з выкарыстаннем бітаў.
«Разборкі такія ў межах уласнай нацыі», — казала Скрыба.
Інтэрнат №5 БДЭУ, у якім жывуць усе замежныя студэнты гэтай ВНУ. Імаверна тут адбылася бойка паміж студэнтамі з Туркменістану. Фота: habartm.org
У навагоднюю ноч туркменскія студэнты ўзрывалі на тэрыторыі інтэрнату петарды. Міліцыянты, якія прыехалі, сітуацыю не выправілі — п’яныя туркмены пачалі кідаць петарды і ў іх.
«Думаў, вайна пачалася», — прывёў падчас сходу словы калегі намеснік дэкана факультэту права Яўген Астапаў.
Прарэктар па выхаваўчай працы ўніверсітэту Сяргей Скрыба заклікаў студэнтаў да адказнасці.
«Я не ведаю, чым скончацца два выпадкі: адзін выпадак — бойка, другі — кінутая [у людзей] пры службовым выкананні петарда — яны былі з аўтаматамі. Магло адбыцца ўсё, што заўгодна, — заявіла Скрыба. — Мы ўсе хочам, каб усе вы паехалі з добрай рэпутацыяй».
Намеснік дэкана па працы з замежнымі навучэнцамі Алена Каляда сказала, што ні аднаму беларусу і ў галаву не прыйшло б кідаць петарды з вокнаў:
«Да гэтага маглі дадумацца толькі вы [туркмены]… Кідаць петарды [з акна] — гэта кажа аб вашых разумовых здольнасцях».
Наталля Скрыба: «Хто прыйшоў не зусім у нармальным стане, трэба разумець — дайсці да [свайго] пакоя і легчы [спаць]». Праз некалькіх парушальнікаў уражанне складаецца аб усёй нацыі ў цэлым.
Прадстаўнікі адміністрацыі вучэльні кажуць, што не раз бывалі ў Туркменістане, мелі зносіны з рознымі людзьмі, у тым ліку і з бацькамі студэнтаў, але там назіралі зусім іншую ментальнасць.
«Які сабака вас кусае, калі вы сюды прыязджаеце?! Чаму вы мяняецеся дыяметральна процілегла?! Там вы іншыя, а тут вы… Што адбываецца? Воля? Свабода? Яшчэ нешта? Да кожнага з вас міліцыянта ці выхавальніка не прыставіш», — дадаў Яўген Астапаў.
Паводле БДЭУ, туркменскія навучэнцы парушаюць распарадак інтэрнату не толькі падчас святаў, але і ў звычайныя дні: у пакоях, дзе пражываюць туркмены, брудна, з вокнаў на вуліцу ляцяць пакеты з-пад малака і іншае смецце.
Адміністрацыя вучэльні вымушаная сяліць студэнтаў з Туркменістану толькі разам: досвед паказаў, што яны не ўжываюцца з іншымі замежнікамі. Праблемай у 2013-м занепакоіўся нават Аляксандр Лукашэнка, які прапанаваў пабудаваць для студэнтаў з Туркменіі «выспу» з гатэлямі і інтэрнатамі.
У беларускіх ВНУ навучаецца каля 8 тысяч студэнтаў з Туркменістану, каля 300 з іх — у БДЭУ. Беларускія вучэльні ахвотна бяруць іх, бо вучацца яны платна. У Туркменістане ж беларуская адукацыя лічыцца еўрапейскай і недарагой.