Забойцу дзвюх жанчын з Бабруйска прысудзілі да расстрэлу
09.01.2019 / 15:21
Фота Насты Бойкі, Еўрарадыё
36-гадовы непрацуючы бабруйчанін Аляксандр Асіповіч прысуджаны да пакарання смерцю за забойства дзвюх дзяўчат з асаблівай жорсткасцю. 20 ліпеня 2018 года ў ваннай яго кватэры знайшлі іх целы са слядамі гвалтоўнай смерці, піша Tut.by.
З загінулымі абвінавачваны пазнаёміўся ў кафэ, адкуль усё трое з'ехалі на таксі да яго дадому. Паводле абвінавачання, падсудны нанёс адной ахвяры 77 удараў малатком і рукамі ў жыццёва важныя органы. У другой ахвяры — 16 ран, амаль усе — у вобласць галавы і шыі. Пасля Асіповіч «прыняў меры да расчлянення і хавання трупаў».
У сваім апошнім слове Аляксандр Асіповіч сказаў, што цалкам ўсведамляе тое, што адбылося.
— Што магло мяне справакаваць на такія дзеянні, я не ведаю. Сам я чалавек добры і сентыментальны … У зробленым раскайваюся і ва ўсіх прашу прабачэння. Прашу суд даць мне магчымасць захаваць жыццё, працаваць і выплачваць грошы сем'ям загінуўшых.
Суд прысудзіў Аляксандра Асіповіча да пакарання смерцю за забойства дзвюх дзяўчат з асаблівай жорсткасцю, а таксама абавязаў спагнаць з яго больш за 100 тысяч рублёў на карысць сем'яў пацярпелых.
Прысуд у законную сілу не ўступіў і можа быць абскарджаны. Аляксандр Асіповіч ужо заявіў, што будзе абскарджваць прысуд.
У 2018 годзе ў Беларусі пакаралі смерцю чатырох чалавек: неаднаразова судзімага жыхара Нароўлі Аляксея Міхаленю, які ў сакавіку 2016 года здзейсніў забойства суседзяў-пенсіянераў; Віктара Лётава, які ў 2017 годзе быў прызнаны вінаватым у забойстве сукамерніка ў папраўчай калоніі ў Глыбокім, а таксама двух фігурантаў справы «чорных рыэлтараў» Сямёна Беражнога і Ігара Гершанкова.
Паводле звестак праваабаронцаў, цяпер у камеры смяротнікаў застаюцца прызнаныя вінаватымі ў забойстве трох чалавек Аляксандр Жыльнікаў і Вячаслаў Сухарка.