У Мінску хлопец выгнаў «казака» з вагона метро, канфлікт трапіў на ВІДЭА

12.01.2019 / 00:29

У вагоне мінскага метро днямі адбыўся канфлікт паміж пасажырамі. У Рэдакцыю «Нашай Нівы» даслалі відэа інцыдэнту.

Удзельнік спрэчкі (які здымаў відэа) суправадзіў яго сваім тлумачэннем.

Ён распавеў, што сустрэў прарасійскага актывіста, так званага «казака», на пероне станцыі метро «Купалаўская» і пачаў здымаць яго на відэа. Той, маўляў, быў нападпітку і стаў абражаць аператара.

Канфлікт працягнуўся ў вагоне. Тут аўтар відэа скінуў з апанента шапку.

Урэшце «казак» быў вымушаны выйсці з вагона.

«Я нічога не маю супраць казакоў, калі яны жывуць на Кубані, напрыклад. Але тут яны пагражаюць беларускай незалежнасці, — тлумачыць сваю матывацыю аўтар відэа. — Мы з сябрамі не першы раз ставім такіх людзей на месца».

З відэа цяжка зразумець, што стала першапрычынай канфлікту і хто першы стаў паводзіць сябе некарэктна. 

Nashaniva.com