Паломкі спадарожнікаў Расіі проста невытлумачальныя

«Раскосмас» часта не мае дакладных звестак пра прычыны выхаду з ладу ўласных касмічных апаратаў, заявіў прадстаўнік дзяржкарпарацыі Юрый Макараў.

17.01.2019 / 12:19

«Калі ў нас выходзяць з ладу спадарожнікі, мы часта не ведаем прычын гэтага. Гаворым пра цяжкія зараджаныя часціцы, касмічныя промні, уздзеянні тэхнагенных аб'ектаў, часам гаворым пра наўмысныя ўздзеянні на касмічныя апараты, але дакладную прычыну не ведаем», — сказаў спецыяліст.

Паводле яго слоў, для атрымання дакладных звестак пра прычыны выхаду з ладу касмічнай тэхнікі неабходная сістэма маніторынгу касмічнай прасторы. «У цяперашні час такой магутнай сістэмай маніторынгу валодаюць толькі ЗША», — адзначыў Макараў.

Між тым, на думку прадстаўніка дзяржкарпарацыі, расійская сістэма кантролю касмічнай прасторы дасягнула парытэту з амерыканскай. «Пяць гадоў таму карціна была зусім іншая», — дадаў Макараў.

У студзені дырэктар НДІ ядзернай фізікі МДУ Міхаіл Панасюк заявіў, што на калязямной арбіце размяшчаюцца ўсяго два буйныя расійскія навуковыя спадарожнікі, аднак абодва яны не функцыянуюць паўнавартасна.