Губарэвіч: У Беларусі павінна з’явіцца вуліца імя Вацлава Гавела

18.01.2019 / 22:07

У Мінску прайшла традыцыйная вечарына памяці знакамітага чэшскага палітыка Вацлава Гавела.

«Гаворачы пра Гавела, мы гаворым пра яго як пра прыклад, як пра палітыка, на якога можна арыентавацца цяпер у Беларусі. Вельмі хацелася б, каб памяць пра яго заставалася не толькі ў тых людзей, хто з ім сустракаўся, але і пашыралася», — адзначыў лідар руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.

Прыйдзе час, упэўнены палітык, калі ў Беларусі пачнецца дэкамунізацыя, вуліцы у гонар камуністычных дзеячаў будуць перайменаваныя. «Адзін з першых ганаровых замежнікаў, чыё імя павінна быць замацаваная ў мясцовай тапамініцы — гэта Вацлаў Гавел», — падкрэсліў Юрый Губарэвіч.

«Вацлаў Гавел усё жыццё змагаўся за правы і свабоды, ён быў не толькі вялікім палітыкам, але і вялікім чалавекам, лідарам нашага народа і дзяржавы», — адзначыў пасол Чэхіі Томаш Перніцкі.