Кіраўнікі двух раёнаў Мінска страцілі свае пасады
дапоўнена
22.01.2019 / 17:12
У канцы мінулага тыдня страцілі свае пасады кіраўнікі Партызанскага і Кастрычніцкага раёнаў Мінска. У пятніцу Дзяніс Аўсянікаў і Анатоль Жукоўскі адпрацавалі на пасадах апошні дзень, паведамілі Tut.by некалькі крыніц.
Адна крыніца распавядае, што чыноўнікі звольненыя па пагадненні бакоў і яны знаходзяцца на волі.
Кіраўніком Партызанскага раёна з 2014 года з'яўляўся Дзяніс Аўсянікаў. Кастрычніцкі ж раён з 2009 года ўзначальваў Анатоль Жукоўскі.
Нядаўна кіраўніка Фрунзенскага і Заводскага раёнаў пайшлі на павышэнне і сталі намеснікамі старшыні Мінгарвыканкама. Такім чынам, у сталіцы зараз 4 раёны з 9 не маюць сваіх кіраўнікоў.
У канцы снежня на нарадзе ў прэзідэнта кіраўнік КДБ Валерый Вакульчык заявіў, што адзін з кіраўнікоў раёнаў знахабіўся так, што кожны чацвер бясплатна атрымліваў прадукты з крамы.
Дапаўненне: Пазней стала вядома, што кіраўнікі адміністрацый Партызанскага і Кастрычніцкага раёнаў сталіцы звольненыя па пагадненні бакоў, паведаміла карэспандэнту БелТА прэс-сакратар Мінгарвыканкама Алена Мохар.