Аўтазак, гузікі і вёрталёт за $6,5 мільёна. Што цікавага прадаюць сілавыя структуры ФОТЫ

24.01.2019 / 12:19

Дзяржаўнае прадпрыемства «Белспецкантракт» займаецца рэалізацыяй былой ва ўжыванні маёмасці Узброеных Сіл і іншых беларускіх вайсковых фарміраванняў. На сайце арганізацыі можна азнаёміцца з прапанаванымі для продажу лотамі.

Паглядзіце, што цікавага і незвычайнага можна купіць проста сёння.

Верталёт Мі-26

Вайсковая частка ў Мачулішчах прадае верталёт Мі-26. Лот мае 1437 гадзін налёту і ў 2015 годзе праходзіў капітальны рамонт.

Каштуе верталёт амаль 14 мільёнаў рублёў. Калі ў вас такіх грошай няма, то можна набыць больш сціплы варыянт.

 

Парашут

Калі вам не хапае вострых адчуванняў, усяго за 50 рублёў можна набыць сабе парашут.

Але звяртаем вашу ўвагу, што гэта парашут, які выкарыстоўваецца для трэніровачных прыжкоў з вышкі.

Аўтазак

У Мар'інай Горцы прадаецца аўтазак. За 10 гадоў ён наездзіў амаль 173 тысячы кіламетраў і крыху пакрыўся ржой.

Недарагі варыянт для фудтрака ці аўталаўкі.

Ацынкаваны таз

За невялікія грошы можна набыць патрэбную ў гаспадарцы рэч. А ў наступным годзе можна адсвяткаваць яе 50-гадовы юбілей.

Сталовыя лыжкі

Калі вам трэба шмат танных лыжак, то гэта ваш шанец. Адзіны мінус — трэба ехаць у Баранавіцкі раён. Але дзе вы яшчэ знойдзеце лыжкі за 7 капеек?

У камплект да лыжак можна набыць і відэльцы.

Анучы

Анучамі ў беларускай арміі ўжо не карыстаюцца, але савецкая спадчына шчодра назапасіла іх на складах Узброеных Сіл. Магчыма, камусьці спатрэбяцца.

Металічныя гузікі

Вельмі шмат гузікаў. Рэальна вельмі шмат.

Разбіты міліцэйскі легкавік

Менш, чым за 600 даляраў, можна набыць міліцэйскі легкавік. Адзіны мінус — ён разбіты.

Скарыстацца па прамым прызначэнні ў бліжэйшы час ім наўрад ці атрымаецца.

ПК