У Рагачове хлопчык з'ехаў на цюбінгу ў Дняпро і ледзь не патануў

27.01.2019 / 09:31

У Рагачове пяцігадовы хлопчык ледзь не патануў, з'ехаўшы на цюбінгу ў Дняпро, піша «Свабоднае слова», куды звярнуўся бацька дзіцяці.

Сям'я з пяцігадовым сынам, вяртаючыся дадому, па просьбе хлопчыка вырашыла зрабіць прыпынак на горцы ля Дняпра, якую аблюбавалі мясцовыя жыхары для зімовых забаў. Бацька дастаў цюбінг.

«Як атрымалася, што сын імгненна апынуўся на ватрушцы, адразу не зразумеў. Хутчэй за ўсё, ён паслізнуўся. Цюбінг з малым пакаціўся з горкі», — распавёў жыхар райцэнтра.

Мужчына кінуўся наўздагон, але хуткасць цюбінга была настолькі вялікая, што дарослы не змог дагнаць яго. Цюбінг з дзіцем вылецеў у прамывіны Дняпра, і плынь пачала выносіць хлопчыка. На дапамогу кінуўся мужчына, які таксама быў на горцы з сынам. Ён дапамог хлопчыку выбрацца на бераг.