Апазіцыя прапанавала шэраг крокаў, скіраваных на ўмацаванне незалежнасці

28.01.2019 / 11:45

Юрась Губарэвіч, Ігар Барысаў, Віталь Рымашэўскі і Мікалай Казлоў

Лідар руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, в.а. старшыні АГП Мікалай Казлоў, сустаршыня аргкамітэта партыі БХД Віталь Рымашэўскі і кіраўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Ігар Барысаў заявілі пра пачатак палітычнай кампаніі «За незалежнасць», піша Радыё Свабода.

Віталь Рымашэўскі заявіў на прэс-канфэрэнцыі, што раней дэмакратычныя сілы Беларусі ставілі высокія мэты і не рабілі канкрэтных крокаў, а цяпер яны прапануюць канкрэтныя захады.

«Неабходна абараніць сцяг і герб, надаць ім дзяржаўны статус, каб гэтыя сімвалы маглі выкарыстоўвацца на масавых мерапрыемствах. Ужо падрыхтаваны законапраект, які цяпер праходзіць апошнія ўзгадненні, мяркуем, што ён будзе вынесены на сесію ў парламент.

Мы выступаем за рэформу сістэмы адукацыі — каб беларуская мова сапраўды была дзяржаўнай. Каб ад дзіцячых садкоў — да аспірантуры людзі мелі магчымасць навучацца на беларускай мове.

Мы выступаем за дэнансацыю Саюзнай дамовы і прапануем дзяржаве яе скасаваць.

Гэта пакет канкрэтных рэчаў, якія дзяржаве лёгка правесці» — лічыць Віталь Рымашэўскі.