Лукашэнка выключыў 24 гектары з ландшафтнай зоны ў Навінках дзеля будаўніцтва шматпавярховак
На Нацыянальным прававым партале апублікаваны ўказ прэзідэнта №29, які выключае 24 гектары зямлі з ландшафтна-рэкрэацыйнай зоны ў раёне Навінак. Робіцца гэта дзеля будаўніцтва шматпавярховак і школы. Што менавіта гэта за зямля і што на ёй цяпер — у матэрыяле tut.by.
29.01.2019 / 13:22
Прыблізныя межы ўчастка. Малюнак: «Яндэкс. Карты».
Новы ўказ уносіць змены ў генеральны план Мінска. Згодна з дакументам, у раёне вуліцы Паліны Мядзёлкі з ландшафтна-рэкрэацыйнай зоны (тып ЛР **) выключаецца 24 гектары зямлі, якая пераходзіць у склад зоны змяшанай жылой забудовы шматкватэрнага і сядзібнага тыпу. У прыватнасці, на гэтай тэрыторыі пабудуюць шматкватэрнае жыллё з параметрамі высакашчыльнай забудовы (ад 6 да 7,6 тысяч «квадратаў» на гектар) і школу.
Жыллё зойме 16 гектараў, школа і вулічна-дарожная сетка — па 4 гектары. Малюнак: pravo.by.
Але наколькі каштоўную зямлю выключаць з ландшафтна-рэкрэацыйнай зоны?
Так, згодна з рэгламентам генплана, разгляданая намі зона ЛР ** — гэта размешчаная ў гарадской мяжы сельскагаспадарчая тэрыторыя, якая рэзервуецца для перспектыўнага развіцця горада пасля 2030 года. Зараз тут расце як бур'ян (бліжэй да вуліцы Мядзёлкі), так і сельгаскультуры (бліжэй да Цнянцы).
Мяркуючы па ўказе, асвояць гэтую тэрыторыю відавочна раней за 2030 год.
Адзначым, што зямлю насупраць актыўна забудоўвала УКБ Цэнтральнага раёна, кіраўніцтва якога ў канцы года трапіла пад крытыку Аляксандра Лукашэнку за тое, што каля 60 кватэр па 600-800 даляраў на Выгоцкага скупілі «адзін ці два курносыя». Участак пад будаўніцтва УКБ выдзяляўся па рашэнні кіраўніка дзяржавы.