Варанецкі: Нам патрэбны ўніверсітэты з беларускай мовай выкладання
18.02.2019 / 20:58
Былы намеснік міністра замежных спраў і пасол Беларусі ў Аўстрыі, а цяпер старшыня парламенцкай камісіі па міжнародных справах Валерый Варанецкі падзяліўся ў сваім фэйсбуку паведамленнем Акадэміі навук пра тое, што ў іх праходзіць «Тыдзень роднай мовы».
Валерый Варанецкі.
Пад допісам разгарнулася дыскусія і, у адказ на адно з паведамленняў, Варанецкі выказаў упэўненасць, што «нам патрэбныя таксама ўніверсітэты з беларускай мовай выкладання».
«Наша Ніва» папрасіла дэпутата і дыпламата патлумачыць, чаму гэта здаецца яму важным.
«Зразумела, што гэта звязана з месцам і роляй мовы ў грамадстве, — сказаў Варанецкі. — Сёння яна, мы бачым, недастаткова запатрабавана як сродак зносін і, зразумела, мае патрэбу ў дзяржаўнай падтрымцы. Канечне, важна фармаваць у грамадскай свядомасці стаўленне да беларускай мовы як да неад'емнага і найважнейшага складніка самабытнай культуры, самабытнасці нашага народу, павышаць яе грамадскі прэстыж».
«Гэта найважнейшы атрыбут нашай дзяржаўнасці, мова мае вялізнае значэнне ў справе захавання нашага культурнага кода і перадачы яго нашчадкам, гэта наша неаспрэчная спадчына. Адсюль і разважанні, і разуменне таго, што калі мы глядзім у будучыню нашай дзяржавы, у будучыню нашай адукацыі, у тым ліку, то павінен абавязкова быць беларускі ўніверсітэт з беларускай мовай выкладання», — падсумаваў ён.